Актывістку і намесніка старшыні Саюза палякаў Рэнату Дземянчук пачнуць судзіць у судзе Ленінскага раёна Гродна 2 сакавіка ў 11.00. Пратакол склалі па арт. 24.57 КаАП — незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці. Суддзя — Руслан Гурын.

UPD. Паводле інфармацыі Hrodna.life ад Саюза палякаў, адміністрацыйную справу Рэнаты Дземянчук адправілі на дапрацоўку. Сама актывістка каментаваць судовае пасяджэнне адмовілася.

Рэнату Дземянчук затрымалі дома 15 лютага. Увечары таго дня яе адпусцілі. 16 лютага стала вядома, што на Рэнату склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яе абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага мерапрыемства. Рэната восенню мінулага года арганізоўвала для слухачоў Універсітэта Трэцяга Узросту пры Саюзе палякаў гульню «Што? Дзе? Калі?», пісаў тады сайт magnapolonia.org.

Пад варту па арт.130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы» заключылі двух іншых актывістаў Саюза палякаў у Гродне: яго старшыню Анжаліку Борыс і журналіста Анджэя Пачобута.