Новыя суддзі з’явіліся ў гарадскіх судах, абласным і эканамічным. Хтосьці сышоў з пасады па ўласным жаданні. Змены зацвердзіў Указ Лукашэнкі № 357 ад 6 кастрычніка.

Гродна: Дзмітрый Бубенчык

Дзмітрыя Бубенчыка прызначылі суддзёй Гродзенскага абласнога суда бестэрмінова.

Яму — 40 гадоў, працаваў у Гродзенскім міжгарнізонным ваенным судзе, пасля — у судзе Ленінскага раёна горада, а з ліпеня 2020 года — у абласным судзе, паведамляе сайт zubr.cc.

За прысуды па «палітычных» артыкулах яшчэ з 2014 года ён уключаны ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза і Канады. У 2023 годзе ён другі раз трапіў пад санкцыі Еўрасаюза. Таксама супраць Дзмітрыя Бубенчыка асобна ўвяла санкцыі Польшча.

Судья Дмитрий Бубенчик из Гродненского областного суда выступает перед студентами
Суддзя Дзмітрый Бубенчык выступае перад студэнтамі факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ на дыялогавай пляцоўцы «Папярэджанне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Фота: court.gov.by (прадастаўлены ўстановай адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»)

У лютым 2023 ён асудзіў журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў Анджэя Пачобута на 8 гадоў калоніі. Бубенчык шмат гадоў выносіць рашэнні і прысуды па палітычных справах. У 2014 ён аштрафаваў за ўлёткі ў падтрымку Украіны Вольгу Крапоціну (сёння гэта жонка палітзняволенага Дзяніса Івашына), у 2016 — праваабаронцаў і актывістаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Верамеенку за акцыю памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы.

У 2017 — судзіў удзельнікаў маршаў «недармаедаў». З таго часу ў Бубенчыка не было ні года без палітычна матываваных спраў. У 2022 ён не менш за дзевяць разоў быў суддзёй па палітычных справах — большасць яго падсудных атрымалі па некалькі гадоў калоніі. Сярод асуджаных — жыхар Слоніма, якога затрымалі за каментары пра пратэсты ў Казахстане.

Таксама ў 2024 годзе ён завочна вынес прысуд па справе былой дырэктаркі дзіцячага хоспіса ў Гродне Вольгі Вялічка і прызнаў яе вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў, прызначыўшы ёй дзевяць гадоў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 12 000 рублёў.

Гродна: Ганна Леусік

Ганну Леусік прызначылі на пяць гадоў суддзёй суда Ленінскага раёна Гродна. Яна і раней працавала ў судзе Гродзенскага раёна і судзе Ленінскага раёна Гродна. Як і Бубенчык, трапіла пад санкцыі.

Яшчэ ў 2014 годзе яна аштрафавала журналіста Андрэя Мялешку за «незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі». У сакавіку 2021 яна адправіла на «хімію» сясцёр Надзею Сцепанцову і Жанну Захаркевіч і братоў Юрыя і Уладзіміра Сядзенеўскіх па справе аб счэпцы на Гарнавых. Асуджаныя атрымалі па 3−3,5 гады «хіміі».

У Гродзенскай вобласці прызначылі новых суддзяў. Што пра іх вядома?
Суддзя Ганна Леусік. Фота: ggau.by

У чэрвені таго ж года яна прысудзіла рэдакцыі Hrodna.life максімальна магчымы штраф 14 500 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі». У студзені 2022 суддзя Леусік асудзіла на 4 гады калоніі ўрача-неўролага Аляксандра Целегу за нібыта пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, абразу прадстаўніка ўлады і абразу суддзі. Таксама не раз судзіла гродзенцаў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Гродна: Аляксандр Ярмолік

Аляксандра Ярмоліка прызначылі суддзёй і старшынёй суда Ленінскага раёна Гродна. Раней ён быў старшынёй і суддзёй суда Слонімскага раёна. Выносіў пастановы і па палітычных справах.

Напрыклад, у 2021 годзе вынес прысуд Таццяне Гетманюк з Брэста па артыкуле 391 КК «Абраза суддзі». Ён прызначыў жанчыне 2 гады 6 месяцаў «дамашняй хіміі».

У Гродзенскай вобласці прызначылі новых суддзяў. Што пра іх вядома?
Аляксандр Ярмолік на сустрэчы са студэнтамі ў Слоніме. Фота: hslonimsmc.by

Гродна: Валерый Шпак

Валерыя Шпака прызначылі суддзёй Гродзенскага абласнога суда на пяцігадовы тэрмін, вызваліўшы яго ад пасады суддзі суда Кастрычніцкага раёна Гродна. Ён выносіў пастановы і прысуды па «палітычных» артыкулах.

Напрыклад, 10 жніўня 2020 года аштрафаваў фотакарэспандэнта БелаПАН Сяргея Людкевіча на 15 базавых за здымку ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Пратакол склалі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Слонім: Вадзім Дуброўскі

Старшынёй суда Слонімскага раёна на пяць гадоў прызначылі Вадзіма Дуброўскага. Раней ён быў старшынёй і суддзёй суда Дзятлаўскага раёна, а таксама працаваў суддзёй Слонімскага раёна.

Выносіў палітычна матываваныя пастановы. Акрамя таго, 11 кастрычніка 2020 года ён вынес папярэджанне жыхарцы Слоніма за тое, што тая стаяла побач з мужам, пакуль той ускладаў гваздзікі з белай стужачкай на прыступкі Слонімскага райвыканкама. Гэта палічылі пікетам.

У Гродзенскай вобласці прызначылі новых суддзяў. Што пра іх вядома?
Вадзім Дубоўскі. Фота: diatlovonews.by

Дзятлава: Дзмітрый Сасноўскі

46-гадовага Дзмітрыя Сасноўскага прызначылі на пяць гадоў суддзёй і старшынёй суда Дзятлаўскага раёна. Да гэтага ён працаваў суддзёй суда Кастрычніцкага раёна Гродна і суда Круглянскага раёна. Выносіў палітычныя прысуды.

Яшчэ прызначэнні

Суддзёй суда Кастрычніцкага раёна Гродна на пяцігадовы тэрмін прызначана Дар’я Адамовіч. Імаверна, гэта выпускніца гродзенскага юрфака. Іну Кароль прызначылі суддзёй суда Кастрычніцкага раёна Гродна на пяцігадовы тэрмін. Юлію Лабецкую прызначылі суддзёй суда Ваўкавыскага раёна на той жа тэрмін.

Ліда і Гродна: суддзі вызваленыя ад пасад

З выхадам у адстаўку ад пасады вызвалілі суддзяў Гродзенскага абласнога суда Святлану Даўгашэй і Аляксандра Корзуна. На яго месца прызначылі Уладзіміра Янкоўскага. У адстаўку сышоў і суддзя суда Лідскага раёна Аляксандр Мішураў.

Эдуард Кароль сам пажадаў вызваліць пасаду намесніка старшыні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці і застацца суддзёй.