Крама адзення H&M у ГЗЦ «Triniti» з 3 сакавіка часова прыпыняе працу. Пра гэта Hrodna.life паведаміла маркетолаг «Triniti» Алеся Матвяёнак. Прычыну яна не назвала. Як доўга крама застанецца закрытай таксама невядома.

H&M прыпыняе працу сваіх крамаў у Гродне і іншых гарадах Беларусі
Зачыненая крама H&M у ГЗЦ Triniti. Фота: Hrodna.life

Кампанія H&M прыпыніла продажы ва ўсіх крамах у Расіі 2 сакавіка. Прычынай назвалі вайну Расіі супраць Украіны.

«H&M Group глыбока занепакоены трагічнымі падзеямі ва Украіне і падтрымлівае ўсіх людзей, якія пакутуюць. H&M Group прыняла рашэнне часова прыпыніць усе продажы ў Расіі. Крамы ва Украіне ўжо часова зачыненыя з-за бяспекі пакупнікоў і калег», — напісалі прадстаўнікі кампаніі на афіцыйным сайце.

Па стане на раніцу 3 сакавіка руская і беларуская версіі сайта не адкрываюцца.

H&M прыпыняе працу сваіх крамаў у Гродне і іншых гарадах Беларусі
Скрыншот з сайта H&M.

Як даўно крама працавала ў Гродне

Крама адзення H&M пачала працаваць у Гродне ў кастрычніку 2020 года. Гэта была трэцяя крама брэнда ў Беларусі.

H&M (Hennes & Mauritz) — адзін з найбольш буйных модных рытэйлераў. Акрамя Беларусі ён прадстаўлены ў 74 краінах свету. Брэнд пазіцыянуе сябе як вытворцу якасных рэчаў па даступнай цане і змагара за экалогію.

H&M прыпыняе працу сваіх крамаў у Гродне і іншых гарадах Беларусі
Абвестка з паведамленнем, што крама часова зачыненая. Фота: Hrodna.life