Правесці бягучы рамонт дарожнай сеткі горада плануюць у красавіку-траўні 2022 года. У планах перакласці тратуары, правесці ямачны рамонт дарог і прайсціся грэйдарам па гравійках у прыватным сектары. Інфармацыю пра гэта размясцілі на сайце дзяржзакупак.

У Гродне рыхтуюць вялікі рамонт дарог і двароў: на яго вылучаць 240 тысяч рублёў
Праспект Кляцкова. Ілюстратыўнае фота.

Што будуць рамантаваць

Плануюць адрамантаваць яміны ў дарозе. Заменяць бардзюры, плітку, а таксама адрамантуюць люкі і калодзежы. Ачысцяць ліўнёўкі і заменяць металічную агароджу. Рамонт будзе адбывацца амаль па ўсім горадзе, акрамя асноўных дорог і аўтамагістраляў.

Тратуары і дарожкі заменяць па адрасах:

  • вул. Белыя Росы;
  • вул. Маставая;
  • вул. Паўднёвая, 19А;
  • вул.Агінскага, 25;
  • вул. Данілава;
  • вул. Леніна, 32;
  • зав.Тэлеграфны, 15А;
  • вул. Перамогі, 31;
  • вул. Маслакова;
  • вул. Суворава;
  • вул. Суворава, 127;
  • вул. Суворава, 127А;
  • вул. Кабяка, 41;
  • вул. Леніна, 17;
  • пл.Леніна (Гарвыканкам);
  • вул. Карбышава, 22;
  • вул. Брыкеля, 11 (СШ № 28);
  • вул. Даватара;
  • вул. Дзяржынскага (Дом культуры «Цветліт»).

Металічную агароджу заменяць на вуліцах: Рэйманта, Янкі Купалы, Азёрскай шашы, Індурскай шашы і плошчы Баторыя.

Праверыць, на якіх вуліцах пройдзе ямачны рамонт асфальту, можна ў афіцыйным пераліку працаў.

Колькі двароў патрабуюць рамонту

Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт у 2022 годзе плануе адрамантаваць 150 двароў. Замяніць дарожнае пакрыццё і прывесці да ладу пешаходныя сувязі. У Гродне амаль 500 дваровых тэрыторый, якія патрабуюць рамонта. Усе двары хочуць адрамантаваць на працягу 3 — 3,5 гадоў.

Сума, якую вылучае гарадскі бюджэт на рамонт у красавіку-траўні 2022, палічана ў цэнах лютага 2022. Не выключана, што рамонт абыйдзецца даражэй з-за росту цэн.