Удзельнікі «экстрэмісцкага фармавання» «Рабочы рух» нібыта планавалі на «Гродна Азот» дыверсію з гібеллю людзей. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў 15 сакавіка на сустрэчы з кіраўнічым і аператыўным складам органаў дзяржаўнай бяспекі.

Лукашэнка: На “Гродна Азот” у 2021 годзе планавалі тэракт
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніцтвам і аператыўным камандным складам органаў джяржаўнай бяспекі. Крыніца:president.gov.by

Органы дзяржбяспекі ў 2021 годзе нібыта перадухілілі 11 спробаў тэрактаў. Іх, па словах Лукашэнкі, арганізоўвалі і фінансавалі з тэрыторыі Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, а таксама Германіі.

На думку Лукашэнкі, «спячымі ячэйкамі» праекту «Рабочы рух» кіруюць спецслужбы ЗША і Літвы. Удзельнікі руху нібыта планавалі дыверсіі на аб’ектах Аршанскага і Мінскага чыгуначных вузлоў, на прадпрыемствах «Гродна Азот», «Гомсельмаш», «Нафтан» і БМЗ.

«Спробы запалохаць людзей і схіліць да здрады, каб дэзарганізаваць працу найбольш буйных прамысловых прадпрыемстваў, аб’ектаў транспарту, энергетыкі, сувязі, будуць працягвацца. Інфармацыйная агрэсія будзе павялічвацца, бо на дыскрэдытацыю дзяржавы ў вачах насельніцтва кінутыя велізарныя рэсурсы», — сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка заявіў, што канчатковая кропка гэтай гібрыднай вайны — вайсковая агрэсія.

Ціск на супрацоўнікаў «Гродна Азот»

Як мінімум шэсць чалавек затрымалі ў кастрычніку 2021 года ў Гродне па справе «Рабочага руху». Распачата крымінальная справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса — сярод іх «здрада дзяржаве» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання». Затрыманых паказалі ў сюжэце СТБ.

Пасля гэтага каля 20 баларусаў, якія праходзілі сведкамі па справе «Рабочага Руху», з’ехалі з Беларусі. У канцы 2021 года на прадпрыемстве пачалі гаварыць пра звальненні па спісах. Супрацоўнікі кажуць, што ў «спісах на звальненне» ёсць 700 чалавек. Пакуль спіс скарацілі да 100, каб не спыняць вытворчасць. У прэс-службе «Гродна Азот» і ў адміністрацыі кажуць, што гэта чуткі.