Будынак Палаца культуры «Юнацтва» ў Гродне чакае капітальны рамонт з мадэрнізацыяй памяшканняў і ўнутраных інжынерных сетак. Таксама там уладкуюць безбар’ернае асяроддзе. Работы збіраюцца завяршыць у канцы 2023 года. Пакуль працэс на стадыі выбару інжынернай арганізацыі для кантролю за будаўніцтвам.

Агульная плошча будынка Палаца культуры «Юнацтва» на вул. Урублеўскага, 33 — 5620,4 м². З іх адрамантуюць менш за палову — 2315,0 м². Гэта:

  • тамбур, вестыбюль, гардэроб, зала, сцэна, склад на першым паверсе,
  • фае на другім паверсе,
  • балкон, кабінеты — на трэцім,
  • памяшканні падвала.

У планах — рамонт сістэмы дымавыдалення і вентыляцыі, рамонт або замена установак аўтаматычнага пажаратушэння, сістэм пажарнай сігналізацыі і абвесткі аб пажары, рамонт сістэмы электрасілкавання будынка, аднаўленне сістэмы механічнага абсталявання сцэны і яе элементаў, замена канструкцыі дзвярных груп, падлогі і крэслаў глядзельнай залы, адзення сцэны і іншае.

Калі пачнецца рамонт?

Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры да 17 сакавіка праводзіць запыт цэнавых прапаноў. Праект пачнуць 31 сакавіка і збіраюцца завяршыць да 31 снежня 2023 года. Каштуе закупка 58 890 рублёў з гарадскога бюджэту. Яна складае 1,06% ад арыентыровачным кошту будаўніча-мантажных работ па аб’екце. Паводле іншай інфармацыі з дакументаў на сайце дзяржзакупак, поўны кошт будаўніцтва аб’екта — 8 426 600 рублёў.

Інжынерная арганізацыя прыцягваецца для комплекснага кіравання будаўніцтвам. Абавязкі фірмы апісаны на 2,5 лістах. Яны ўключаюць падрыхтоўку дакументаў, выбар падрадчыкаў, арганізацыю работ і кантроль за іх выкананнем.

Гісторыя будынка

Былы палац культуры «Юнацтва» пабудавалі ў 70-х гадах XX стагоддзя на сродкі прадзільна-нітачнага камбіната (сёння — ААТ «Гранітэкс»). Ён быў папулярнай канцэртнай пляцоўкай: у 1980−90 — х там выступалі польскі Lady Pank і фэйкавая версія «Сектара Газа», праходзілі папулярныя дыскатэкі. Канцэртная зала выкарыстоўвалася да 2010 года.

У Гродне адрамантуюць Палац культуры "Юнацтва": у ім 12 гадоў не было канцэртаў
Палац культуры «Юнацтва» ў 1976 годзе. Фота: oldgrodno.by

Потым будынак перайшоў на баланс Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Зараз там знаходзіцца навучальны корпус: Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, Фізіка-тэхнічны факультэт і адзін з філіялаў бібліятэкі. «Сам будынак поўны савок, зімой у вялікіх аўдыторыях холадна і першапачаткова вельмі лёгка заблудзіцца, пакуль шукаеш патрэбны кабінет», — напісаў водгук карыстальнік.