Расійская будаўнічая кампанія «ДОМ.РФ» хоча пабудаваць у Гродне новы мікрараён. У перспектыве расіянам плануюць аддаць пад будаўніцтва раён вуліц Ткацкай і Гарадзенскай у мікрараёне Баранавічы, паведаміла БелТА.

Праект прадугледжвае шматкватэрныя дамы, катэджы і таўнхаўсы. Побач плануюць размясціць сацыяльную інфраструктуру.

«У гэтым праекце мы бачым вялікую будучыню. Ён ужо створаны з улікам стандартаў „Дом.РФ“, які мы з задавальненнем транслюем на Рэспубліку Беларусь, дзе выкарыстоўваюцца напрацоўкі савецкага горадабудаўніцтва (забудова з вельмі адэкватнай шчыльнасцю, сацыяльнай інфраструктурай), з другога боку, гэта і сучасныя трэнды па архітэктуры, па забяспечанасці рознымі камерцыйнымі, дзелавымі памяшканнямі», — сказаў намеснік генеральнага дырэктара фонда «ДОМ.РФ» Антон Фінагенаў.

На яго думку, такі праект, магчыма, зацікавіць пакупнікоў з Расіі, а таксама ўмацуе пазіцыі Гродна, якое «мае як унікальную гістарычную спадчыну, так і можа паказаць якасць жылля і жыцця XXI стагоддзя».

ДОМ.РФ — найбуйнейшы ў Расіі фінансавы інстытут, які з канца 1990-х гадоў займаецца жыллёвай сферай. Усе акцыі «ДОМ.РФ» належаць дзяржаве — Федэральнаму агенцтву па кіраванні дзяржаўнай маёмасцю (Росмаёмасць).

Патрэбен не толькі гістарычны стыль

«У нас ёсць зацверджаны генеральны план развіцця Гродна, дзе акрэсленыя ўчасткі жылой забудовы. Мы зараз абмяркоўваем, што мы хочам, каб у Гродне сфармаваўся, акрамя гістарычнага стылю яшчэ нейкі свой сучасны стыль, які выклікаў бы цікаўнасць у гараджан і які не сорамна было б пакінуць наступным пакаленням», — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Чытайце таксама: Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго