Пасля праверкі пракуратура Гродзенскай вобласці прыпыніла дзейнасць першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот». Старшыня арганізацыі Андрэй Ханевіч пракаментаваў сітуацыю Hrodna.life.

Пракуратура атрымала дадзеныя, якія сведчаць аб «экстрэмісцкай дзейнасці» прафсаюза. Прычынай стаў удзел кіраўніка і членаў першаснай арганізацыі ў спробе арганізаваць страйк на прадпрыемстве «выключна ў палітычных мэтах».

Гэтым праца арганізацыі, па версіі пракуратуры, супярэчыла патрабаванням заканадаўства, спалучаная з распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў (гаворка аб закрытым чаце для членаў прафсаюза — Hrodna.life) і публічных заклікаў да забастовак з вылучэннем палітычных патрабаванняў.

Наперадзе — суд

Таму пракурор Гродзенскай вобласці вынес у адрас кіраўніка арганізацыі пастанову аб прыпыненні яе дзейнасці. У Гродзенскі абласны суд накіравалі заяву аб прызнанні прафсаюза экстрэмісцкай арганізацыяй, забароне яе дзейнасці і ліквідацыі.

Кіраўнік: «Паспрабуем абскардзіць рашэнне суда»

Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на «Гродна Азот» Андрэй Ханевич даведаўся аб рашэнні пракуратуры ад карэспандэнта Hrodna.life. Ён распавёў, што збіраецца разабрацца, у чым абвінавачваюць іх арганізацыю. «Калі я штосьці парушыў, чаму я зараз на працы, а не пад вартай?», — сказаў ён Hrodna.life. Калі Гродзенскі абласны суд прыме рашэнне не на карысць арганізацыі, ён збіраецца абскардзіць рашэнне. Па яго словах, падобныя працэсы адбываюцца і з іншымі незалежнымі прафсаюзамі. Калі абскардзіць рашэнне не атрымаецца, арганізацыю прыйдзецца закрыць, і прафсаюз не зможа абараняць правы працоўных, заключыў Андрэй Ханевіч.