31 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе пачнецца працэс над былым старшынёй першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот» Андрэем Ханевічам. Раней прафсаюз прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і прынялі рашэнне аб яе ліквідацыі і забароне дзейнасці.

Андрэя будуць судзіць па двух крымінальных артыкулах: 369 заўв. 1 — Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і 361 заўв. 4 ч. 2 — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Артыкулы дагэтуль не раскрывалі — фігуранты крымінальнай справы давалі падпіскі аб неразгалошванні. Па адным артыкуле Андрэю пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, па другой — да сямі гадоў. Суддзя — Віталь Кулеш.

Андрэй Ханевіч — 47-гадовы апаратчык цэха «карбамід-3», бацька траіх дзяцей. Некалькі разоў адбываў адміністрацыйны арышт. Пасля допытаў быў пад падпіскай аб нявыездзе.

Андрей Ханевич. Фото: Telegram-канал заводчан
Андрэй Ханевіч. Фота: Telegram-канал завадчан

Незалежны прафсаюз

Са жніўня да снежня 2020 прафсаюз вырас у 20 разоў (з 20 членаў да больш чым 400). У студзені 2021 года арганізацыя налічвала 500 чалавек. Да 2022 года колькасць скарацілася да 150.

27 красавіка пасля праверкі пракуратура Гродзенскай вобласці прыпыніла дзейнасць першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот». Прычынай сталі нібыта ўдзел кіраўніка і членаў першаснай арганізацыі ў спробе арганізаваць страйк на прадпрыемстве «выключна ў палітычных мэтах». Інфармацыю ў закрытым чаце для членаў прафсаюза прызналі экстрэмісцкай.

Суд аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай прайшоў у траўні 2022 года. Падрабязнасці працэсу невядомыя — яго зрабілі закрытым праз дакументы, «якія змяшчаюць службовую інфармацыю абмежаванага распаўсюджвання».

Чытайце таксама: Незалежны прафсаюз «Гродна Азот» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Яе прадстаўнікі не патрапілі ў суд