У мікрараёне Зарыца-2 хочуць пабудаваць таўнхаўсы. Ужо шосты квартал падобнай забудовы размесцяць у раёне вуліц Ваньковіча і Горы. Забудоўшчыка вызначаць падчас аўкцыёна. Пра гэта паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.

У Зарыцы пабудуюць шосты квартал таўнхаўсаў. Аўкцыён адбудзецца летам
Участак пад будаўніцтва таўнхаўсаў у мікрараёне Зарыца-2. Крыніца: gcn.by

Памер участка пад будаўніцтва — каля 50 сотак. Пачатковая цана тэрыторыі - 12,5 тыс. рублёў. Забудоўшчык павінен пабудаваць там адна- і двухпавярховыя жылыя дамы, магчыма з мансардным паверхам. Будынкі не павінны перавышаць 7 метраў у вышыню.

Аўкцыён па продажы участка адбудзецца летам 2022 года, удакладніў «Вечерний Гродно». Але канчатковая дата яшчэ не вядома. Пераможца таргоў атрымае права арэнды зямельнага ўчастка на 50 гадоў.

Таўнхаўсы — двух-трохпавярховыя дамы, у якіх ёсць адна агульная сцяна. У кожнай кватэры — асобны ўваход. Часцей за ўсё ў кожнага ёсць свой задні падворак.

Дзе яшчэ плануюць будаваць таўнхаўсы

У аграгарадку Гожа пад Гроднам на вуліцах Школьная і Сонечная плануюць вылучыць для новай забудовы 30 зямельных участкаў. З іх 30% прададуць з аўкцыёну.
У лютым 2022 года стала вядома, што на вуліцы Каплічнай хочуць пабудаваць два таўнхаўсы. Першы — дом на 10 кватэр. Гэта першы прыклад такой пабудовы ў Гродне. Другі - аднакватэрны дом тыпу катэджа.