Навукоўцы шукаюць мясціны, якім можна надаць статус асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ). Іх могуць уключыць у спіс заказнікаў і помнікаў прыроды мясцовага значэння ў 2024−2033 гг. Такое пашырэнне спісу адбываецца раз у 10 гадоў, паведаміў сайт ptushki.org.

На Гродзеншчыне могуць з’явіцца новыя помнікі прыроды і заказнікі. Як даслаць прапанову і што пасуе пад гэты статус?
Лес. Ілюстрытыўнае фота. Крыніца: ru.depositphotos.com. YAYImages

Патэнцыйныя заказнікі і помнікі прыроды шукаюць у Бераставіцкім, Ваўкавыскім, Воранаўскім, Гродзенскім, Іўеўскім, Лідскім, Мастоўскім, Ашмянскім і Свіслацкім раёнах Гродзенскай вобласці.

Якія аб’екты могуць аб’явіць помнікам прыроды?

Агульны крытэр пры выбары прыродных тэрыторый для абвяшчэння іх помнікам прыроды — наяўнасць каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў. Гэта могуць быць участкі лесу з каштоўнымі пародамі дрэваў, старажытныя паркі, асобныя векавыя дрэвы ці дрэвы рэдкіх парод, групы такіх дрэваў, участкі з рэліктавай або асабліва каштоўнай расліннасцю, іншыя каштоўныя батанічныя аб’екты.

Напрыклад, на статус прыроднага помніка могуць прэтэндаваць:

  • Дрэвы, акружына ствала якіх дасягнула больш за 4 (хваёвых — 3, для таполяў і вербаў - 5-ці) метры на вышыні 1,3 м ад зямлі (на ўзроўні грудзей);
  • Групы з 5 і больш дрэваў або ўчасткі лесу з акружынай ствалоў больш за 3 м для лісцевых і больш за 2,5 м для хваёвых;
  • Паркі, алеі або іх фрагменты ва ўзросце звыш 100 гадоў.

Да прыродных комплексаў і аб’ектаў, якія могуць стаць помнікамі прыроды, адносяць крыніцы, ручаі і іншыя водныя аб’екты і звязаныя з імі экасістэмы. Таксама гэта можа быць рэдкая форма рэльефу.

Якія тэрыторыі могуць стаць заказнікам?

Каб тэрыторыя магла атрымаць статус заказніка мясцовага значэння, яна павінна адпавядаць як мінімум двум агульным і двум спецыяльным крытэрыям.

Агульныя крытэры:

  • наяўнасць тыповых і (або) рэдкіх прыродных ландшафтаў і (або) біятопаў;
  • наяўнасць месцаў пражывання дзікіх жывёл і (або) месцаў вырастання дзікарослых раслін, уключаных у нацыянальную Чырвоную кнігу або тых, якія падпадаюць пад дзеянне міжнародных дамоў Беларусі;
  • наяўнасць месцаў рэгулярнага гнездавання, зімоўкі ці прыпынку падчас міграцыі водна-балотных і іншых відаў пералётных птушак у колькасці, большай за 1% ад колькасці нацыянальнай або еўрапейскай папуляцыі віду;
  • наяўнасць месцаў штогадовай канцэнтрацыі ў перыяд сезонных міграцый не менш чым 10 000 асобін пералётных водна-балотных птушак (кулікі, качкі, гусі), не менш чым 500 асобін шэрых жураўлёў;
  • наяўнасць месцаў нерасту, нагулу і міграцыі рыб, уключаных у нацыянальную Чырвоную кнігу або тых, якія падпадаюць пад дзеянне міжнародных дамоў Беларусі;
  • наяўнасць прыродных тэрыторый, уключаных у нацыянальную экалагічную сетку;
  • наяўнасць натуральных водных аб’ектаў, форм рэльефу, унікальных або рэдкіх па сваім паходжанні, марфаметрычных і (або) іншых характарыстыках.

Спецыяльныя крытэры:

  • прыродная тэрыторыя нязначна парушана антрапагеннай дзейнасцю і мае высокі патэнцыял аднаўлення;
  • тыповыя і рэдкія прыродныя ландшафты і біятопы складаюць не менш як 40% ад плошчы прыроднай тэрыторыі;
  • прыродная тэрыторыя з’яўляецца месцаў пражывання дзікіх жывёл і (або) месцаў вырастання не менш як 100 відаў дзікарослых раслін, уключаных у нацыянальную Чырвоную кнігу або тых, якія падпадаюць пад дзеянне міжнародных дамоў Беларусі;
  • прыродная тэрыторыя адыгрывае важную ролю ў падтрыманні гідралагічнага рэжыму натуральных водных аб’ектаў, балот.

Як паведаміць пра такое месца

Калі вы ведаеце тэрыторыі, якія могуць стаць заказнікам ці помнікам прыроды, то пра іх можна паведаміць да канца траўня 2022 года на электронны адрас: [email protected] .