У Гродзенскім абласным судзе пачалі працэс ліквідацыі дзвюх грамадскіх арганізацый. Гэта — абласны спартыўна-патрыятычны клуб «Гонар Радзімы» і Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. У той жа час улады рэгулярна кажуць аб «генацыдзе беларускага народа», патрыятызме і захаванні гістарычнай памяці.

UPD 9 чэрвеня. Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 17 траўня 2022 года, паведамляе Telegram-канал «Право имеют». Абласны Спартыўна-патрыятычны клуб «Честь Родины» ліквідавалі па рашэнні Гродзенскага абласнога суда 24 траўня.

Пасяджэнні па абодвух працэсаў пачаліся 17 траўня. «Гонар Радзімы» ліквідуе суддзя Жанна Краўчанка, аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў - Юрый Карэцкі. Абедзве ліквідацыі пачаліся па іску ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Ликвидация организаций в расписании суда. Скриншот Hrodna.life
Ліквідацыя арганізацый у раскладзе суда. Скрыншот Hrodna.life

«Гонар Радзімы» зарэгістравалі 20 чэрвеня 2017 года. Аб’яднанне зарэгістравана па вул. Савецкай, 10. Іншай інфармацыі пра арганізацыю ў адкрытым доступе Hrodna.life не знайшоў.

Па нумары, пазначанаму ў кантактах Адзінага дзяржаўнага рэестра, Hrodna.life адказаў старшыня праўлення Аляксандр Багалюбаў. Ён паабяцаў пракаментаваць сітуацыю пасля вынясення рашэння ў судзе.

Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў заснавана ў 1995 годзе. Яго мэта — узмацненне грамадскай увагі да былых вязняў фашызму. Больш за 30 гадоў узначальвае арганізацыю Захар Тарасевіч. Яго з сям’ёй падчас вайны павезлі ў канцлагер Віцебска, а адтуль у верасні 1943 года даставілі ў канцлагер Аўшвіц (сёння — горад Асвенцым у Польшчы). «Там дарослым і дзецям на левай руцэ выкалалі лагерныя нумары. Мой нумар 149 801. І сёння, праз дзесяцігоддзі, ён выразна бачны, не дае забыцца перажытае», — расказваў Тарасевіч «СБ — Беларусь Сегодня». З яго сям'і выжылі толькі ён і яго бацька.

Па кантактным нумары арганізацыі, абноўленаму ў 2006 годзе, адказалі, што яе там няма.

Не першая ліквідацыя ў 2022 годзе

У 2022 годзе ў Гродне ўжо ліквідавалі Гродзенскае грамадскае аб’яднанне «Краязнаўчае таварыства — Коматава». Пасяджэнні прайшлі па ліквідацыі дзвюх арганізацый: Гродзенскі абласны спартыўны клуб па вольнай барацьбе «Мядзведзь» і сацыяльна-інфармацыйнае грамадскае аб’яднанне «Устойлівае развіццё вёскі». Пакуль у Адзіным дзяржаўным рэестры яны пазначаныя як «дзеючыя». З лета 2021 года больш за 10 арганізацый у Гродне ліквідавалі па рашэнні суда, сем — па рашэнні выканкамаў, некаторыя пачалі працэс ліквідацыі самастойна.