Гродзенскі навінавы рэсурс 015.by перастаў адкрывацца ў Беларусі 20 траўня. Пры спробе зайсці на яго высвечваецца паведамленне, што «доступ абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі». Праз VPN сайт адкрываецца.

У Беларусі заблакавалі яшчэ адзін гродзенскі сайт: Мінінфарм абяцаў разблакаваць, калі ўласнік выканае ўмовы
Такі подпіс высвечваецца пры спробе патрапіць на сайт без VPN. Cкрыншот. Hrodna.life

Hrodna.life задаў пытанні ўладальніку сайта Сяргею Забалуеву яшчэ ў 9.00. Па стане на 16.00 рэдакцыя не атрымала адказу.

«Мы ўжо звязаліся з Мінсувязі. Прадстаўнік ведамства патлумачыў, што праблему выклікалі некалькі публікацый. Пасля іх выдалення доступ да сайта будзе адноўлены. Мы разлічваем, што доступ да 015.by будзе адноўлены ў кароткі тэрмін», — сказаў Сяргей Забалуеў у размове з Блогам Гродна s13.ru.

Да 015.by ужо абмяжоўвалі доступ

У жніўні 2020 года Міністэрства інфармацыі Беларусі ўжо абмяжоўвала доступ да рэсурса 015.by. Гэта было звязана з адной з публікацый, што тычылася пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Праз нейкі час сайт пачаў адкрывацца, але не ва ўсіх правайдараў. Доўгі час ён усё роўна не адкрываўся ў карыстальнікаў гродзенскага інтэрнэт-правайдара «Гарант».

Чытайце таксама: Улады вырашылі заблакаваць сайт Hrodna.life