У рамках міжнароднай акцыі «River Cleanup» актывісты з розных краін будуць прыбіраць берагі Нёмана ад вытокаў да Балтыйскага мора. ГА «Экаманіторынг» запрашае далучыцца да акцыі і гродзенцаў. Сёлета 5 чэрвеня таксама можна паўдзельнічаць у стварэнні эксперыментальнай пляцоўкі з рознымі відамі газонаў і ўладкаванні домікаў для насякомых і вулляў для пчол недалёка ад Юбілейнага возера. Гэта павінна дапамагчы захаваць біяразнастайнасць у Гродне.

«River Cleanup» — міжнародная экалагічная акцыя, мэта якой у арганізацыі прыборкі па берагах рэкаў і азёр. Упершыню яна прайшла ў 2017 годзе на Рэйне ў фармаце «10 хвілін на прыборку ракі». У 2018 годзе на Рэйн выйшла больш 10 тысяч чалавек у 60 гарадах. Яны прыбралі раку ад вытока да ўпадзення ў Паўночнае мора.

У 2022 годзе актывісты з розных краін аб’ядналіся ў рамках акцыі для ўборкі берагоў ракі Нёман ад вытокаў да Балтыйскага мора, расказаў старшыня грамадскага аб’яднання «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў. 5 чэрвеня каманда «Экаманіторынг» запрашае прыняць удзел у міжнароднай экалагічнай акцыі «River Cleanup» усіх неабыякавых. Для гэтага трэба самастойна прыбраць смецце каля ракі і ў прыбярэжных зонах ў абраным вамі месцы. Можна выйсці да ракі ў любы час. Эколагі просяць у працэсе прыборкі здымаць фота ці відэа і публікаваць яго ў сваіх сацыяльных сетках з хэштэгам #экомониторинг або #rivercleanup. Так можна расказаць аб экалагічнай акцыі большай колькасці людзей.

Сёлета ў Беларусі акцыя праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, таксама ў ёй бяруць удзел уладальнікі аграсядзібаў, размешчаных па берагах Нёмана. Актывісты «Экаманіторынгу» разаслалі больш за 30 запрашэнняў уладальнікам аграсядзібаў і кіраўнікам дачных таварыстваў з прапановай удзелу.

Дзе: дзе заўгодна на беразе Нёмана.
Калі: у любы час 5 чэрвеня.

Пасеяць газон і пабудаваць домік для насякомых

У наваколлях Юбілейнага возера будуць не толькі прыбіраць смецце, але правядуць і іншыя экалагічныя мерапрыемствы, да якіх можа далучыцца любы ахвотны:

  • уладкаванне эксперыментальнай пляцоўкі, на якой высадзяць насенне газонных траваў, сумесі палявых кветак, а таксама прафесійнага газону з сумесі траваў і кветак. Гэта патрэбна для вывучэння прыжывальнасці такіх сумесяў траваў у гарадской мяжы. У выпадку поспеху лугавыя травы і кветкі можна будзе выкарыстоўваць у азеляненні горада замест травяных газонаў.
  • пабудова гасцёўні для насякомых, дзе можна будзе паназіраць іх маленькі свет;
  • выраб і вывешванне калоды (борці) для дзікіх пчол з мэтай захавання іх папуляцыі і папулярызацыі гэтага хобі;
  • правядзенне прэзентацый ад гродзенскіх ініцыятыў і арганізацый;
  • правядзенне адукацыйнага экаквэсту для дзяцей.

Праграма можа змяняцца ў залежнасці ад надвор’я і іншых не залежных ад арганізатараў прычын.

Чытайце таксама: У Гродне створаць «эксперыментальны» газон-кветнік: гарвыканкам адказаў на петыцыю

Дзе: фермерская гаспадарка «Сядзіба Юбілейная» (каля старадаўняга млына за Юбілейным возерам).
Калі: 5 чэрвеня, 12:00.

Чытайце таксама: