У Гродне затрымалі таксіста службы «Яндэкс», які ў 2021 годзе адмовіўся везці супрацоўніка міліцыі ў форме. Відэа з запісам адмовы абслугоўваць ён выклаў у інтэрнэт. У чэрвені 2022 года да яго прыйшлі сілавікі і затрымалі. З ім запісалі «пакаяннае» відэа.

Відэа пачынаецца з запісу 2021 года. Супрацоўнік міліцыі ў форме сеў у аўтамабіль таксі. «Адразу хачу сказаць, што я супрацоўнікаў МУС не ваджу», — сказаў таксіст. Далей ідзе відэа затрымання. Гродзенца затрымалі ў двары прыватнага дома, жорстка паклаўшы на зямлю.

На камеру таксіст сказаў, што выкладваў «экстрэмісцкія матэрыялы з нагоды міліцыянтаў і дзейнага прэзідэнта». «Улічыў, моцна шкадую, за свае абразы хачу папрасіць прабачэння перад супрацоўнікамі міліцыі і дзеючым прэзідэнтам. Усё асэнсаваў, ва ўчыненым раскайваюся», — сказаў ён на камеру.

Паведамляецца, што ўзбуджаная крымінальная справа. У праўладным Telegram-канале сцвярджаюць, што гродзенец раней судзімы.