Лепшых кіроўцаў грамадскага транспарту выбіралі на конкурсе прафесійнага майстэрства на тэрыторыі «Тралейбуснага парка № 3» у Мінску. У спаборніцтве ўдзельнічалі кіроўцы з розных гарадоў Беларусі. Прадстаўнікі «Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення» занялі першае месца ў заліку запрошаных каманд, піша Newgrodno.

Конкурс праводзіцца штогод, яго асноўная мэта — папулярызацыя прафесіі кіроўцы грамадскага транспарту і прафілактыка аварыйнасці, піша «Минск-Новости». Папярэднія два гады праз каранавірус арганізатары праводзілі спаборніцтвы ў скарочаным фармаце, зараз вярнуліся да поўнага. Сёлета ў конкурсе 16 чэрвеня ўдзельнічалі 43 кіроўцы.

Адзін з этапаў адбору — тэарэтычны. На ім кіроўцы павінны адказваць на пытанні па правілах дарожнага руху. Асобна ацэньваюць навыкі кіравання тралейбусам: улічваецца хуткасць манеўравання і наяўнасць памылак. У фінальнай частцы выпрабаванняў ўсё больш відовішчна. Кіроўцы паказваюць некалькі фігур — «брама», розныя спосабы заездаў у гараж, рух «змейкай» пярэднім і заднім ходам. «Змейку» і «браму» складаней за ўсё выконваць на тралейбусе з «гармонікам», распавёў адзін з удзельнікаў Уладзімір Янучок.

Да гэтага, 3 чэрвеня, аналагічны конкурс праходзіў у Гродне. Тут яго праводзілі другі раз пасля 2019 года. У конкурсе ўдзельнічалі 17 каманд з розных гарадоў Беларусі і некалькі каманд з Расіі. Тады гродзенцам не дасталася першае месца ні ў асабістым, ні ў камандным заліку.