У Гродне ўжо некалькі дзён трымаецца спёка. Чытачы Hrodna.life распавялі, якія ўмовы ў іх на працы: у офісе парылка, на «Радыёхвалі» не ўключаюць станкі, а на «Малочным свеце» не хапае выцяжак. У спякоту наймальнік павінен прымаць меры, але так бывае не заўсёды. Тады можна паскардзіцца ў прафсаюз.

«Вентылятары ёсць, але не дапамагаюць, 12 гадзін літаральна ў парылцы, — падзялілася чытачка. — Працую ў офісе, начальнік нічога не можа зрабіць, гэтак жа пакутуе, як і ўсе, у нас нясонечны бок, але ўсё роўна кабінет моцна награваецца за дзень, да канца змены галава наогул не цяміць. Церпім вось, чакаем пахаладання».

Ва УЖРЭП Кастрычніцкага раёна рабочым ваду не выдаюць. На пытанне, чаму, начальнік адказвае: «Я не п’ю ваду», распавяла чытачка. Апісваць сітуацыю больш падрабязна яна не стала, асцерагаючыся звальнення.

У цэхах «Радыёхвалі» — «дзікая спёка», вады не выдаюць, кандыцыянераў няма, станкі не могуць уключыць, бо «будзе хана станкам і людзям», падзяліўся чытач — супрацоўнік прадпрыемства. Пры гэтым, паводле яго слоў, з работнікаў знялі 10% ад зарплаты за нібыта прастой.

На «Малочным свеце» ў цэху летам горача, награваецца дах і абсталяванне таксама павышае градус, распавёў работнік прадпрыемства. Паводле яго слоў, тэмпература заўсёды вышэйшая на пару градусаў, чым на вуліцы. «Выцяжкі устаноўлены не паўсюль, а недзе іх праца недастатковая. Працаваць трэба па 11−12 гадзін на дзень. Унутры цэха ёсць кулер і шкляначкі. Праўда, ён хутка пусцее і за яго своечасовай заменай ніхто асабліва не сочыць». Тады даводзіцца піць ваду з-пад крана, ці прыносіць з сабой. Пасля змены можна прыняць душ.

А вось на «Азоце» (і ў яго падраздзяленнях, уключна з філіялам «Хімвалакно») своечасова вырашылі закупіць і выдаваць супрацоўнікам бутыляваную мінеральную ваду.

Калі горача, можна патрабаваць дапамогі

Калі праз спёку знаходзіцца на працоўным месцы невыносна, работнік можа запатрабаваць ад начальства прыняць меры, піша партал Федэрацыі прафсаюзаў. Пры гэтым ён мусіць звяртацца спачатку да непасрэднага кіраўніка. Кіраўніцтва павінна арганізаваць замер тэмпературы на працоўным месцы з выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання — звычайны тэрмометр не будзе аргументам.

термометр жара
Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com

Калі спёка перашкаджае выконваць працоўныя абавязкі, а працадаўца адмаўляецца нешта з гэтым рабіць, можна тэлефанаваць на «гарачую лінію» Федэрацыі прафсаюзаў: + 375−17−374−90−48 (8:30—10:30 і 15:00—17:30 па буднях).

Згодна з артыкулам 11 Закона аб ахове працы работнік можа адмовіцца ад працы ў выпадку ўзнікнення небяспекі для жыцця і здароўя (напрыклад, экстрэмальнай тэмпературы) да ліквідацыі гэтай небяспекі і пры непрадастаўленні яму сродкаў індывідуальнай абароны. Пры гэтым неабходна пісьмова паведаміць працадаўцу.

Якія тэмпературы дапушчальныя на працы

Максімальны час находжения работніка на працоўным месцы і дыяпазон дапушчальнай тэмпературы залежыць ад віду працы. Разам вылучаюць пять тыпаў з адпаведнымі абмежаваннямі для цёплага часу года:

  • Iа — сядзячая праца з нязначнымі фізічнымі нагрузкамі (офісы, паліклінікі, лабараторыі і г. д.) — 25,1−28°C;
  • Iб — праца, звязаная з некаторымі фізічнымі нагрузкамі (медсёстры, кіроўцы трамваяў, прадаўцы нехарчовых тавараў і г. д.) — 24,1−28°C;
  • IIа — праца, якая патрабуе пастаяннай хады, пэўнай фізічнай нагрузкі і перасоўванняў прадметаў вагой да 1 кг стоячы ці седзячы (слесары, абутнікі, прадаўцы харчовых тавараў, кіроўцы экскаватараў, праваднікі ў цягніках і г. д.) — 22,1−27°C;
  • IIб — умераныя фізічныя нагрузкі і перасоўванне цяжараў да 10 кг (будаўнікі, чыгуначнікі-пуцейцы, агароднікі, даяры, работнікі машынабудаўнічых і металургічных прадпрыемстваў і г. д.) — 21,1−27°C;
  • III — пастаяннае перацягвання цяжараў і значныя фізічныя намаганні (ручная коўка, механізатары і работнікі сельскай гаспадаркі ў пасяўны і ўборачны перыяды, муляры, грузчыкі) — 20,1−26°C.
жара офис работа
Фота ілюстрацыйнае: Getty Images

Для кіроўцаў ёсць асобныя нормы. Тэмпература паветра ў кабіне легкавой машыны павінна быць у дыяпазоне 20−28°C, у грузавіку ці аўтобусе — паміж 21 °C і 28 °C.

Калі тэмпература вышэй за дапушчальную, час працы можа скарачацца, але не аплачвацца. Калі ў офісе 29 °C, правесці на працы можна не больш за 6 гадзін запар, калі 30 °C — не больш за 5, пры 31 °C — не больш за 3-х, прыводзіць градацыю Onliner. Умовы дзейнічаюць, калі пры гэтым нельга змяніць памяшканне.

Што павінен рабіць наймальнік

Каб людзі захавалі працаздольнасць, наймальнік павінен арганізаваць кандыцыянаванне паветра, забяспечыць работнікаў пітной вадой, месцам для адпачынку, выдаць адпаведныя сродкі абароны (напрыклад, спецадзенне з паветрапранікальных і гіграскапічных тканін), прадугледзець перапынкі 5−10 хвілін для адпачынку. Такія перапынкі прадастаўляюцца дадаткова да абедзеннага і ўключаюцца ў працоўны час. Працадаўца можа даплочваць за працу пры высокіх тэмпературах.

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя № 33 у вытворчых памяшканнях, дзе дапушчальныя значэння мікраклімату немагчыма ўсталяваць праз патрабаванні вытворчасці або эканамічную немэтазгоднасць, умовы павінны разглядаць як шкодныя і небяспечныя.

Пры працах на вуліцы ў моцную спёку наймальнік таксама абавязаны прадаставіць дадатковыя перапынкі для адпачынку, адзначаюць прафсаюзы. Моцнай спёкай лічаць тэмпературу паветра +30−34° С. У цэхах з лішкамі цяпла работнікаў трэба забяспечваць падсоленай газаванай або мінеральнай вадой.

Работнікам, якія выконваюць будаўніча-мантажныя працы на адкрытым паветры пры тэмпературы паветра ад +25°С да +30°С перапынкі па 10 хвілін прадастаўляюцца кожныя дзве гадзіны, ад +30°С і вышэй — па 12 хвілін кожную гадзіну, працягласцю 12 хвілін кожны. Пры тэмпературы паветра вышэй за +32°С усе будаўніча-мантажныя працы павінны быць спыненыя.

Чытайце таксама: Как спасаться от жары: полезные советы для солнечной погоды