Замест былой паліклінікі па вул. Міцкевіча, 5 у Гродне можа з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння. Да іх адносяцца гандлёвыя, адміністрацыйныя, офісныя цэнтры, установы грамадскага харчавання або бытавога абслугоўвання. Такая ўмова аукцыёна, на які выставілі аб’ект.

Агульная плошча паліклінікі - 151,6 кв. м, участка — 0,0274 га. У ёй ёсць склеп, мансарда і прыбудова. Камунікацый у будынку няма — іх трэба падключыць.

Новы Свет — гістарычны раён горада Гродна, размешчаны ў паўночнай частцы гістарычнага цэнтра, у межах вуліц Міцкевіча, Астроўскага, Ватуціна, Рэйманта і часткі вуліц 17 верасня і Горкага. Уяўляе з сябе квартал, забудаваны будынкамі розных стыляў і перыядаў. Будынкі дагэтуль зносяць, нягледзячы на пратэсты гісторыкаў і грамадскасці. Гэта тлумачаць тым, што драўляныя будынкі не могуць выкарыстоўваць камерцыйна, а помнікамі архітэктуры іх не прызнаюць.

Чытайце таксама: Дзесяць страчаных аб’ектаў, якія маглі б стаць «фішкай» турыстычнага Гродна

Пачатковая цана аб’екта — 108 990 рублёў. Пакупнік павінен на працягу года распрацаваць праект на правядзенне рэканструкцыі. За тры гады былую паліклініку трэба ўвесці ў эксплуатацыю. Тэрмін арэнды зямельнага ўчастка — 50 гадоў.

Аб’ект знаходзіцца ў зоне гістарычнага цэнтра Гродна. Таму забаронена знішчаць і пагаршаць тэхнічны стан і навукова неабгрунтавана змяняць архітэктуру фасада будынка.

Аўкцыён адбудзецца 18 жніўня. Заяўкі прымаюцца па 12 жніўня да 16: 00.