З 1 жніўня працоўныя пенсіі ў Беларусі павялічаць на 10%. У жніўні ў сувязі з гэтым на пенсіі вылучаць на 122 млн руб. больш, чым у ліпені. Гэта будзе ўжо другое павышэнне пенсій у 2022 годзе.

Змены прадугледжаны ўказам № 250, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка, удакладняе БелТА. Усяго ў жніўні на выплату пенсій накіруюць 1,4 млрд руб. з улікам павышэння. Працоўныя пенсіі ў Беларусі атрымліваюць 2,3 млн чалавек. Да гэтага першы раз у 2022 годзе пенсіі павышалі ў сакавіку на 7%.

Інфляцыя з пачатку года ў Беларусі склала 13,1%. Гадавая інфляцыя — рост коштаў параўнальна з адпаведным месяцам год таму — у красавіку 2022 склала 16,8%, у траўні - ужо 17%, у чэрвені - 17,6% пры запланаваных Нацбанкам 6% на канец года.

Што яшчэ зменіцца са жніўня

З 1 жніўня ў Беларусі падымуць штомесячныя выплаты па догляду за дзіцем да трох гадоў. Рост складзе 3,1% у параўнанні з цяперашняй дапамогай. Таксама з 1 жніўня павінны змяніцца памер аднаразовай выплаты ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Ён залежыць ад бюджэту пражытковага мінімуму. Ад яго ж залежаць: мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты беларусам старэйшыя за 75 гадоў, дапамогі па доглядзе за інвалідам I групы і за асобамі старэйшымі за 80 гадоў.

У сувязі з ростам сярэдняга заробку з 1 жніўня ў Беларусі вырасце дапамога на пахаванне. Яна складзе 1 626,5 руб. — на 53,1 рубля больш, чым у ліпені. Дапамогу на пахаванне пераглядаюць штомесяц.