Пасля доўгай хваробы 23 ліпеня памёр Міхась Сцяпанавіч Патрэба, адзін з лідараў сацыял-дэмакратаў Гродна, удзельнік устаноўчага схода партыі ў 1991 годзе, колішні выкладчык нямецкай мовы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Яму было 77 гадоў.

Міхась Патрэба нарадзіўся ў 1945 годзе ў вёсцы Падчарнейкі Свіслацкага раёна, каля Белавежскай пушчы.

міхась патрэба
Міхась Патрэба. Крыніца фота: «Газета Слонімская»

У 1980-я за незалежніцкія погляды яго звольнілі з універсітэта. Каб аднавіцца на працы, яму давялося прайсці ўсе суды, нават Вярхоўны. У канцы 1980-х ён змог вярнуцца на працу.

У 1990-я Міхась Патрэба неаднойчы вылучаўся ў дэпутаты ад дэмакратычных сіл. Аўтар кнігі «Нацыянальная ідэя і сацыял-дэмакратыя».

Актыўна працаваў з Гродзенскай абласной асацыяцыяй ахвяраў палітычных рэпрэсій. Укладальнік кнігі ўспамінаў «Ніколі болей» са сведчаннямі жыхароў Гродна, пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў савецкага часу. «Нацыянальная трагедыя камуністычных рэпрэсіяў пачынае забывацца ў грамадзтве, што нясе небяспеку яе паўтарэння», — сказана ў апісанні кнігі.

Пахаванне адбудзецца 26 ліпеня ў Гродне. Развітанне — а 12.00 у царкве ў імя святой прападобнай Марфы на гарадскіх могілках па вул. Антонава (дакладны адрас — вул. Прыгарадная, 1). Адпяванне пачнецца там жа ў 13.30.

Чытайце таксама: Памёр супернік Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах