Праводзіць экскурсіі ў музеях змогуць толькі ўласныя экскурсаводы, а культурна-відовішчныя мерапрыемствы дазволяць ладзіць толькі тым, у каго будзе пасведчанне. Адпаведныя змены ў Кодэкс аб культуры 25 ліпеня 2022 года падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Правесці мерапрыемства проста так не атрымаецца. Лукашэнка падпісаў змены ў Кодэкс аб культуры
Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: ckg.by

Што зменіцца ў кодэксе?

  • Уводяць пасведчанне на права арганізацыі і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў усімі арганізатарамі. Гэта не тычыцца фізічных асоб, якія праводзяць мерапрыемства без асабістых патрэбаў і без атрымання прыбытку. Да гэтага можна аднесці юбілеі і вяселлі.
  • Міністэрства культуры будзе ўносіць арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстаў у адпаведны рэестр. Правесці мерапрыемства будзе магчыма толькі асобам, якія ёсць у гэтым рэестры.
  • Прыярытэтнае права на набыццё культурных каштоўнасцей, калі ўласнік прыме рашэнне аб іх адчужэнні, будуць мець дзяржаўныя арганізацыі культуры.
  • Пераразмеркавалі паўнамоцтвы паміж Міністэрствам культуры і мясцовымі органамі ўлады па пытаннях выкарыстання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгіянальнага значэння. Спрасцілі парадак правядзення на іх цякучага рамонту.
  • У законе змяшчаюцца таксама іншыя нормы, у тым ліку ўдакладненні асобных аспектаў у сферах бібліятэчнай, музейнай, рамесніцкай дзейнасці, кінематаграфіі, народнай творчасці.
  • Праводзіць экскурсіі ў музеях дазваляецца толькі супрацоўнікам музеяў.

У кастрычніку 2021 года ў палату прадстаўнікоў ужо ўносілі законапраект, паводле якога ў Беларусі праводзіць экскурсіі змогуць толькі экскурсаводы і гіды-перакладчыкі, якія прайшлі прафесійную атэстацыю і маюць падцвярджэнне сваёй кваліфікацыі. Аўдыягіды, якія выкарыстоўваюць падчас экскурсіі, таксама павінны прайсці атэстацыю і далейшы ўлік.

Змены ў Кодэксе набудуць моц праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.

Чытайце таксама: «Напіцца і забыцца», бытавуха і Саладуха. Што не так з гарадскімі святамі ў Гродне

Змены чакаюць не толькі культуру

Пра неабходнасць узмацнення аховы жывёльнага і расліннага свету ў Беларусі сказаў Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня падчас сустрэчы з кіраўніком Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Юрыем Церцелем.

На думку Лукашэнкі, інспекцыю трэба даўзброіць і распрацаваць адпаведныя планы падрыхтоўкі супрацоўнікаў.