беларускія ўпрыгожанні belaruskicry

Навагрудскі РАУС і Навагрудскі райвыканкам праверылі працу аграсядзібы «Літоўка». Яны адказалі Вользе Бондаравай і яе паслядоўнікам на шэраг калектыўных зваротаў. Закрываць сядзібу не сталі, але змянілі тэкст экскурсіі, размясцілі інфармацыйныя таблічкі і «апранулі» скульптуру. А дзецям забаранілі ўваход на некаторыя аб’екты.

Навагрудскі РАУС не знайшоў складу правапарушэння ў дзеяннях кіраўнікоў «Літоўкі». Што тычыцца нібыта негатыўнага ўздзеяння на дзяцей, рашэнне наведаць «Літоўку» прымаецца бацькамі, якія нясуць юрыдычную адказнасць за іх выхаванне. Цяпер на ўваходзе ёсць інфармацыя, што ўваходзіць на тэрыторыю сядзібы непаўналетнія могуць толькі з дазволу бацькоў.

Міліцыя таксама адказала наконт «прапаганды ЛГБТ»: за гэта ў Беларусі пакуль не прадугледжаная адказнасць.

Таксама актывісты звярталіся ў Гродзенскі аблвыканкам і Навагрудскі райвыканкам. Улады выехалі на месца. Пасля іх візіту «ў мэтах недапушчэння няслушнага разумення турыстамі сэнсу асобных аб’ектаў» усталявалі таблічкі аб тым, што афармленне сядзібы створана выключна ў забаўляльных мэтах і не мае на мэце абразы існуючых рэлігій, пачуццяў вернікаў, маральных асноў грамадства, прапаганды жорсткасці і гвалту. Азнаямленчыя экскурсіі адкарэктавалі.

На некаторыя аб’екты ўваход непаўналетнім цяпер забаронены, у прыватнасці, у «Пякельную спальню». На скульптуру жанчыны надзелі вопратку.

У чым прэтэнзія?

Вольга Бондарава напісала пракурору Гродзенскай вобласці Аляксандру Жукаву ў жніўні. Яна прасіла закрыць сядзібу «Літоўка» ў Навагрудскім раёне і праверыць яе дзейнасць на адпаведнасць беларускаму закону. «Вінаватых» прасіла прыцягнуць да адказнасці. Галоўнымі прэтэнзіямі Вольгі былі праца не адпаведна дазволу, экспанаты «асацыяльнага і парнаграфічнага характару, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці», скажэнне Бібліі і разбэшчванне непаўналетніх.

Чытайце таксама: Бондарава хоча закрыць сядзібу «Літоўка»: яна знайшла там парнаграфію, разбэшчванне і скажэнне Бібліі

Што такое «Літоўка»?

Літоўка — гэта «скандальная» фэнтэзі-сядзіба ў Навагрудскім раёне, якую адкрыў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль. Там ёсць сімвалы розных культур і рэлігій. Стваральнік сядзібы Сяргей Коваль скончыў жыццё самагубствам у 2019 годзе. Цяпер сядзібай кіруе дачка Сяргея.