Інклюзіўная экскурсія па Гродне будзе ўключаць Лютэранскую кірху, парк Жылібера, гета і замкі. На яе стварэнне выдаткуюць 300 рублёў. Экскурсію спецыяльна распрацуюць для людзей з інваліднасцю і асаблівымі патрэбамі.

Інклюзіўны турызм дазваляе людзям з асаблівымі патрэбамі ў даступнасці - мабільнай, візуальнай, слыхавой і кагнітыўнай — функцыянаваць незалежна праз прадастаўленне універсальных турыстычных прадуктаў, паслуг і асяроддзя. Гэта вызначэнне Сусветнай турысцкай арганізацыі.

Які будзе маршрут?

Распрацоўнікам экскурсіі прапануюць скласці яе па такім маршруце:

  1. Будынак чыгуначнага вакзала
  2. Турысцка-інфармацыйны цэнтр
  3. Лютэранская кірха
  4. Парк Жылібера
  5. Тэатр лялек
  6. Былы будынак архіва на плошчы Тызенгаўза
  7. Плошча Леніна
  8. Вул. Ажэшка
  9. Фара Вітаўта
  10. Уваход у гета
  11. Пажарная каланча
  12. Вялікая харальная сінагога
  13. Стары і Новы замкі
  14. Плошча Савецкая
  15. Фарны касцёл
  16. Музей «Grodno mini»
  17. Дом-музей Э. Ажэшкі
  18. Музей гісторыі Гарадніцы
  19. Будынак чыгуначнага вакзала

Колькі гэта каштуе?

Нацыянальнае агенцтва па турызме замовіла стварэнне экскурсіі на рускай мове. Яна павінна быць разлічана на адзін дзень. Распрацоўшчык павінен саступіць аўтарскія правы на яе. Тэхналагічная карта і кантрольны тэкст экскурсіі павінны быць аформлены ў адпаведнасці з «Метадычнымі рэкамендацыямі па складанні і афармленні тэхналагічнай карты і кантрольнага тэксту экскурсіі».

На гэта вылучылі 300 рублёў з рэспубліканскага бюджэту. На падобную экскурсію па Полацку выдаткуюць больш — 779,08 рублёў. Там яна ўключыць помнікі, памятныя знакі і комплекс былога езуіцкага калегіума. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальнае агенцтва па турызме» ўжо правяло закупку з адной крыніцы.

А ці атрымаецца?

У 2019 годзе валанцёрская група «Крок насустрач» праверыла, наколькі турыстычны Гродна даступны людзям з інваліднасцю. Аказалася, што складана трапіць у Каложскую царкву. Стары і Новы замкі таксама апынуліся не прыстасаваныя для людзей з інваліднасцю. Тады абяцалі, што пасля рэканструкцыі ўсё зменіцца.

Але ў лістападзе 2021 года дзяўчына на інваліднай калясцы змагла трапіць толькі ў адзін зала. Усе астатнія прыгажосці замка і віды з назіральнай пляцоўкі апынуліся для яе недаступнымі праз лесвіцы і поўную адсутнасць пандусаў.

Таксама ў якасці праблем удзельнікі назвалі прыступкі, высокія бардзюры, адсутнасць пандусаў, ліўнёўкі, не закрытыя кратамі.

Чытайце таксама: