Кафэ з двума заламі агулам на 90 чалавек з’явіцца на скрыжаванні Дзяржынскага і Курчатава. У жніўні-верасні 2022 г. пройдуць грамадскія абмеркаванні праекта, заўважыў канал пра гарадскую прастору Urban Hrodna.

На пустыры ля міні-рынку "Дзевятоўка" пабудуюць стыльнае кафэ з тэрасамі. Праект распрацавала мінская майстэрня
Месца размяшчэння кафэ на Дзевятоўцы пазначала зялёным колерам. Скрыншот Яндекс.Карты, малюнак Urban Hrodna

Паводле праекту гэта мае быць аднапавярховы будынак вышынёй да 4,9 м і плошчай каля 700 кв.м. Усярэдзіне кафэ будзе дзяліцца на дзве абедзеныя залы: на 55 і 40 чалавек. Побач паўстане 19 парковачных месцаў, у тым ліку адно для людзей з інваліднасцю.

Уздоўж фасадаў з боку Дзяржынскага і Курчатава забудоўшчык плануе стварыць прагулачныя зоны з месцамі для летняй мэблі.

Хто будзе будаваць?

Забудоўшчык — мінская фірма «Сатурн209». Яна набыла ўчастак на Дзевятоўцы 15 сакавіка 2022 года за 41,4 тыс. рублёў. Мінскія прадпрымальнікі былі адзінымі ўдзельнікамі аўкцыёну.

Праект будынка распрацавала мінская архітэктурная майстэрня ASGP (АС Груп Праект).

Чытайце таксама: На Альшанцы пабудуюць стыльны гандлёвы цэнтр: з пілатэсам, аптэкай і салонам прыгажосці

Дзе і калі можна выказацца

Грамадскія абмеркаванні праекта пройдуць з 27 жніўня 2022 г. да 21 верасня 2022 г.

Праект можна пабачыць на сайце гарвыканкама або з 27 жніўня па 11 верасня ў вестыбюлі будынку Упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама на плошчы Тызенгаўза, 3 з 8.00 да 17.00 (абед з 13.00 да 14.00).

Гродзенцы могуць дасылаць заўвагі і прапановы з 27 жніўня да 21 верасня на адрасы:

  • Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, пл. Леніна, 2/1, 230 023 Гродна, email [email protected]
  • Упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пл. Тызенгаўза, 3, 230 023 Гродна, email [email protected]
  • праз сэрвіс «Электронныя звароты» на grodno.gov.by

Абавязкова трэба паставіць пазнаку «Грамадскае абмеркаванне».