Макавага поля за 10 км ад Ліды, куды беларусы з розных гарадоў прыязджалі па прыгожыя фота, больш няма. Пасля экспертызы высветлілася, што мак, які расце на 106 га, утрымлівае наркатычнае рэчыва. Поле знішчылі, а зямлю канфіскавалі ва ўладальніка.

Поле з макамі каля вёскі Малое Ольжава належала мясцоваму фермеру. Яго далі яму для вырошчвання азімага рапсу. Фермер і пасеяў на ім рапс, але пустазелле-мак другі сезон запар цалкам яго заглушаў. Пасля наплыву аматараў фотасесій прадпрымальнік нават звярнуўся да праваахоўнікаў, каб тыя дапамаглі з аховай поля, пісала «Лідская газета». Міліцыя ж узяла ўзоры маку на хімічную экспертызу на наяўнасць у ім забароненых рэчываў.

Поле знішчылі, зямлю забралі

Пра знішчэнне знакамітага поля паведаміла раённая газета «Принеманские вести» са спасылкай на прэс-службу Лідскага РАУС.

Фермер атрымаў ад міліцыі прадпісанне скасіць поле, але марудзіў. Экспертыза ж пацвердзіла ў кветках з гэтага поля небяспечнае наркатычнае рэчыва — макавую саломку. Адразу пасля атрымання вынікаў уся плантацыя была знішчана. Зямельны надзел у фермера канфіскавалі за несвоечасовае выкананне прадпісання і ігнараванне патрабаванняў міліцыі.

Чытайце таксама: