Раніцай 25 жніўня каля вёскі Сурканты Гродзенскай вобласці невядомыя разбурылі і зраўнялі з зямлёй могілкі жаўнераў Арміі Краёвай. Пра гэта паведамляе партал Glosznadniemna.pl.

Па словах відавочцаў, разбурэнне могілак нагадвае спецаперацыю — усе пад’езды да месца заблакаваны невядомымі. Мясцовых жыхароў, якія абураюцца і спрабуюць фатаграфаваць тое, што адбываецца, палохаюць зняволеннем.

Гэта не першы выпадак разбурэння пахаванняў польскіх вайскоўцаў у Беларусі. Сёлета могілкі жаўнераў польскай Арміі Краёвай былі знесеныя ў Качычах, Ваўкавыску, Мікулішках, Стрыеўцы ды іншых месцах Гродзенскай вобласці.

Хто пахаваны ў Суркантах

Сурканты — невялікая вёска паблізу Пелясы, дзе нядаўна закрылі літоўскую школу, у 20 км ад Ліды. Жыхароў у Суркантах практычна не засталося. На могілках пахаваныя байцы Аріміі Краёвай, якія змагаліся з часткамі НКУС у жніўні 1944 годзе. Тады ў баі загінулі 18 вайскоўцаў, у тым ліку шэсць афіцэраў.

Пахаванне размешчана па-за могілкамі, у полі, каля магіл паўстанцаў 1863 года. Мясцовыя жыхары тады апасаліся рэпрэсій ад савецкай улады. Тым не менш пазней яны не дапусцілі, каб калгас заараў магілы.

8 верасня 1991 года там адкрылі вайсковыя магілкі польскіх жаўнераў. Надпіс на крыжы зроблены па-польску, але беларускія ўлады не давзолілі напісаць, супраць каго ваявалі забітыя.

Да руйнавання гэта была папулярная кропка для польскіх турыстаў, калі тыя езділі ў «патрыятычныя туры» па польскіх мясцінах. Таксама штогод там ускладалі вянкі супрацоўнікі консульства разам з Саюзам палякаў.

Магілы бураць, але ёсць бязвіз

Руйнаванні помнікаў і пахаванняў польскіх жаўнераў пачалося летам 2022 года. З таго часу зафіксавана ўжо некалькі такіх выпадкаў.

Чытайце таксама: У Стрыеўцы зруйнавалі помнік загінулым польскім жаўнерам. Гэта ўжо пяты выпадак у Гродзенскай вобласці

У Польшчы асудзілі кампанію па знішчэнні слядоў польскасці ў Беларусі. Афіцыйная заява польскага Міністэрства замежных спраў з’явілася на сайце ведамства 6 ліпеня. Яна з’явілася пасля ў сувязі са знішчэннем пахавання салдат Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. МЗС Беларусі паведаміла ў адказ, што ў гэтым населеным пункце «воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана» і законнасць «работ па ўладкаванні тэрыторыі» ў дадзеным месцы была пацверджана Генпракуратурай пасля атрымання дадзеных, што чалавечыя парэшткі там адсутнічаюць.

Мясцовыя ўлады Гродзенскай вобласці таксама не каментуюць руйнаванне магіл польскіх жаўнераў. Затое арганізавалі для палякаў бязвізавы ўезд і запрашаюць у госці. Паводле інфармацыі Дзяржпамежкамітэта, з 1 ліпеня магчымасцю бязвізавага наведвання скарысталіся 4 678 грамадзян Польшчы.

Чытайце таксама: Палякі паедуць, але гэта не будуць турысты. Слухайце, што пра новы беларускі бязвіз думае эксперт з Беластока