У жывой чарзе ў пункце пропуску «Бераставіца» чакаюць праезду амаль 1800 легкавых машын, яшчэ 358 маюць аплачаную бронь. Уначы з 28 на 29 жніўня з польскага боку зусім перасталі прымаць машыны. На момант публікацыі час для платнага браніравання перасячэння мяжы ў «Бераставіцы» быў недаступны, у пункце «Брэст» засталося восем свабодных месцаў на 3 верасня.

Паводле дадзеных «Белмытсервіса» на момант напісання матэрыялу ўсяго ў зоне чакання ў «Бераставіцы» было зарэгістравана ўсяго 2152 машыны. Не ўсе яны фізічна стаяць пад мяжой, большасць, зарэгістраваўшыся, з’язджае чакаць сваёй чаргі ў Гродна ці Мінск.

У пункце «Брэст» у зоне чакання, мяркуючы па ўсім, здарыўся збой. Цяпер па дадзеных «Белмытнясэрвісу» там улічаныя 81 машына, з іх па платным браніраванню — 60, пры гэтым сайт Дзяржпагранкамітэта наогул паказвае іх адсутнасць па стане на 18.00.

Агрэсія ў чарзе, ігнор памежнікаў і веласіпедысты. Што адбываецца на мяжы з Польшчай, дзе выезду чакаюць больш за 2000 аўто
Скрыншот сайта «Белмытнясэрвіса»

Паводле правілаў, транспартны сродак павінен пакінуць зону чакання цягам 30 хвілін з моманту выкліку і мусіць зарэгістравацца ў пункце пропуску цягам 60 хвілін з моманту выезду з зоны чакання. Інакш месца ў чарзе анулююць.

Што адбываецца ў чэргах

На пункце пропуску «Бераставіца» 29 жніўня сабралася 20 аўтобусаў, першы чакаў магчымасці праехаць з 3 гадзін ночы, распавёў чытач «Зеркала». Пры гэтым памежнікі не давалі тлумачэнняў ні калегам, ні жадаючым трапіць у Польшчу.

Паводле інфармацыі БелТА, у суботу 27 жніўня выезду з Беларусі праз «Бераставіцу» па жывой чарзе чакалі больш за тысячу машын. Не прапускалі нават рэйсавыя аўтобусы. У канцы мінулага тыдня час чакання ў чарзе даходзіў да 80 гадзін. 26 жніўня па жывой чарзе прапускалі ў сярэднім па 7 машын на гадзіну, 25 жніўня — па 6, паведамляе Telegram-канал «Мяжа Беларусь-Польшча». У пункце «Брэст» 26 жніўня прапускалі ў сярэднім па 7 аўто на гадзіну па жывой чарзе, у «Прывалцы» — па 12.

Машына журналісткі Sputnik чакала выезду чацвёра сутак — 95 гадзін. За гэты час сама журналістка паспела з’ездзіць у Польшчу на ровары, а ў яе візы скончыўся тэрмін дзеяння. Па яе назіраннях, часам перасякаюць мяжу нават на дзіцячых веласіпедах або самакатах. Веласіпедыстам стаяць у агульнай чарзе не трэба.

У пятніцу, 26 жніўня, у «Бераставіцы» ў чаргу ўклініліся два аўтамабіля. Здарыўся шумны канфлікт, адзін з абураных кіроўцаў спрабаваў парэзаць шыны кіроўцы машыны, якая ўклінілася. Выклікалі польскую паліцыю, але відэа самага моманту ўкліньвання ў чаргу не знайшлося. Паліцыя прапанавала тым, хто ўклініўся, папрасіць прабачэння перад усімі кіроўцамі, але ніхто не захацеў паціснуць ім рук.

Платнае браніраванне даступна не ўсюды, але і яго хутка не будзе

З 17 жніўня браніраваць час уезду ў пункт пропуску можна толькі за 5 сутак. На момант публікацыі часу для платнага браніравання перасячэння мяжы ў «Бераставіцы» не аказалася зусім, у пункце «Брэст» засталося восем свабодных месцаў на 3 верасня. Для ўезду ў Літву ў «Беняконях» браніраванне даступна на 30 жніўня, у астатніх пунктах пропуску ў Літву, у Латвію — на 29 жніўня. Паслуга каштуе 32 рублі. Акрамя гэтага адну базавую велічыню (32 рублі) за выезд з Беларусі трэба аплаціць усім.

15 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы ўказ. Праз яго паслугу платнага браніравання часу ўезду ў пункт пропуску з зоны чакання адменяць, усе транспартныя сродкі пры ўездзе ў зону чакання павінны будуць аплаціць рэгістрацыю ў сістэме электроннай чаргі, а сам ўезд у зону чакання будзе ажыццяўляцца па жывой чарзе. Устаноўленыя ўказам правілы ўступяць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання новай рэдакцыі пастановы Савета Міністраў № 1130 «Аб сістэме электроннай чаргі транспартных сродкаў у пунктах пропуску і забеспячэнні пагранічнай бяспекі». Да гэтага сістэма браніравання працуе ў штатным рэжыме.

Дзяржпагранкамітэт: вінаватыя палякі

«У апошнія суткі на дадзеным пераходзе сапраўды фіксуецца нерытмічная праца польскіх памежнікаў па пропуску. У сярэднім на гадзіну афармляюць 6 легкавых аўтамабіляў і два рэйсавыя аўтобусы. Гэта істотна менш за прапускную здольнасць дадзенага пагранпераходу», — расказаў БелТА афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі. Прапускная здольнасць пункта пропуску «Бераставіца» — 900 легкавых і 500 грузавых аўтамабіляў на суткі ў адным кірунку, паказана на сайце Дзяржпагранкамітэта.

Чытайце таксама: Поляки — к родным и друзьям. Белорусы — «на закупы». Что там, на границе в Бобровниках?