Дзень народнага адзінства адзначаць у Гродне 17 верасня. На свет, гук і сцэну выдаткуюць 14 000 рублёў. Гэта значна менш, чым, напрыклад, на Дзень горада. Праграмы свята пакуль не абвясцілі.

Што адбылося 17 верасня?

17 верасня 1939 года савецкія войскі без абвяшчэння вайны ўвайшлі ў Польшчу, якая на той момант вяла вайну з Германіяй. У выніку да канца месяца Польшча была падзелена паміж СССР і Германіяй паводле таемных пратаколаў да падпісанага 23 жніўня Пакту Молатава-Рыбентропа. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі пазней ўключаны ў склад БССР і УССР адпаведна.

Колькі выдаткуюць?

На светлавое, гукавое, праекцыйнае абсталяванне і мультымедыйнае суправаджэнне мерапрыемстваў на плошчы Савецкай выдаткуюць 9000 рублёў з гарадскога бюджэту. У закупцы — гучнагаварыцелі, устойлівыя да надвор’я, і экран за сцэнай 4 на 6 метраў. Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры праводзіць закупку з адной крыніцы.

Праз яшчэ адну закупку шукаюць фірму для абслугоўвання мабільнага сцэнічнага комплексу. Ён будзе каштаваць 5000 рублёў. Комплекс будзе складацца з асноўнай сцэнічнай скрыні з элеватарам і сцэнічным подыумам памерам не менш за 8 на 10 метраў і вышынёй подыўма не менш за 1.2 метра.

На святкаванні Дня горада 3 верасня 2000 рублёў выдаткавалі на абслугоўванне 35 біяпрыбіральняў. Можна выказаць здагадку, што гэты артыкул выдаткаў прадугледжаны і на Дзень адзінства.

Гэта шмат?

Для параўнання — выканаўцам па абслугоўванні мабільных сцэнічных комплексаў, асвятляльнага і гукавога абсталявання, LED экранаў на гарадскіх пляцоўках на Дзень горада заплацілі 58 000 рублёў. На Дзень горада ў 2021 годзе выдаткавалі 42 500 рублёў, а на Новы год — 17 000. На трохдзённы Фестываль нацыянальных культур — не менш за 179 тысяч рублёў.