Аляксей Шчадроў, заснавальнік прытулка для бяздомнікаў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, атрымаў папярэджаньне ад падатковай інспэкцыі. Згодна з ім, Шчадроў мусіць заплаціць падатак у 1943 руб. 16 кап. з грошай, якія ён атрымліваў у 2019−2020 гадах як ахвяраванні для прытулка.

У выпадку нясплаты справу перададуць судоваму выканаўцу, які можа канфіскаваць лядоўню, пральную машыну ды іншыя побытавыя рэчы. Тэрмін аплаты — да 20 кастрычніка, паведаміў у Facebook сябар Аляксея Шчадрова, Сяргей Верамеенка.

Ад заснавальніка прытулка для бяздомных пад Шчучыным запатрабавалі сплаціць падатак з ахвяраванняў. Інакш - канфіскацыя рэчаў
Акт праверкі ад падатковай інспекцыі. Фота: Facebook Сяргея Верамеенкі

Аляксей Шчадроў, вядомы як брат Луіджы, — былы вязень. Блізу 10 гадоў таму ён заснаваў прытулак для бяздомнікаў у вёсцы Аляксандраўка пад Шчучыным. Там яны могуць жыць, мыцца, лекавацца і харчавацца. Таксама туды могуць звярнуцца былыя вязні, якім няма куды пайсці пасля вызвалення. Пастаяльцы ўвесь час змяняюцца. Прытулак існуе на добраахвотныя ахвяраванні, якія збірае асабіста Шчадроў. Прытулку дапамагаюць валанцёры, каталікі і грэкакаталікі, лютэране. У верасні 2022 года там жыло чатыры чалавекі.

Аляксей Шчадроў
Аляксей Шчадроў. Фота: Facebook

У 2013 годзе ў Шчучынскім РАУС на Шчадрова завялі справу паводле артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), на падставе якой яму пагражала да двух гадоў зняволення. Пазней справу закрылі. У 2015 годзе мясцовыя ўлады хацелі ліквідаваць прытулак, але пазней перадумалі. У 2019 годзе Шчадроў расказваў «С**бодзе», што яго збілі міліцыянты, быццам выбіваючы прызнанне ў крадзяжы, якога ён не здзяйсняў.

Чытайце таксама: Супраць дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса завялі новую крымінальную справу — па нядаўна адроджаным артыкуле КК