«Цынізмам на мяжы» назвалі ўчынак гродзенскіх падлеткаў у прысвечаным ім сюжэце на АНТ, а іх саміх — «антыгероямі нашага часу». 15 кастрычніка школьнікі 14 і 15 гадоў патушылі Вечны агонь у парку Жылібера. Адзін з іх заліў агонь напоем, а другі зняў гэта на тэлефон і выклаў у сеціва. Іх ідэнтыфікавалі праз гадзіну. Зараз хлопцам пагражае шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Рашэнне аб заключэнні падлеткаў пад варту намеснік пракурора Гродна вынес публічна, у прысутнасці навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 і сярэдняй школы № 39. Школьнікам інкрымінавана злоснае хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК), удакладнілі ў пракуратуры.

Адзін з падлеткаў вучыцца ў школе № 39 раней, другі працягвае там вучыцца. У гэтай школе, па словах дырэктара,"робіцца вельмі шмат у рамках ваенна-патрыятычнага выхавання", ёсць ваенна-патрыятычныя класы.

Згодна з матэрыяламі справы, 15 кастрычніка ля мемарыяльнага комплексу «Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у г.Гродна», размешчанага ў парку Жылібера, падлеткі апаганілі Вечны агонь — адзін затушыў яго вадкасцю, а другі зняў гэта на мабільны тэлефон, пасля чаго размясціў у інтэрнэце. Асобы хлопцаў выявілі праз гадзіну пасля гэтага, удакладнілі на АНТ. Затрымалі іх раніцай наступнага дня.

подростки вечный огонь гродно
Фрагмент відэа з сюжэту АНТ. Скрыншот Hrodna.life. У запісе чутны смех і каментар «Ты прыдурак?»

«Непаўналетнія былі здзіўлены з’яўленню супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, паколькі да канца не ўсведамлялі значнасць месца, дзе былі здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні, а таксама не ўсведамлялі тыя маральныя нормы, якія былі парушаныя іх проціпраўнымі паводзінамі», — пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі. У сюжэце ўдакладнілі, што падлеткі раскайваюцца.

«Ад такога хайпа мурашкі па скуры», — падкрэсліў вядучы АНТ.

Санкцыянаванне меры стрымання заключэння пад варту абумоўлена «абставінамі злачынства і дадзенымі пра асобу абвінавачаных», удакладнілі ў пракуратуры. Падлеткам пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.