Зруйнаваны на вуліцы Мопраўскай, 6 «некаштоўны» будынак адбудуюць з выкарыстаннем старой цэглы, якая засталася пасля яго руйнавання. Гэта сталя вядома з адказу гарвыканкама, які атрымаў гродзенскі гісторык Мечыслава Супрона на свой зварот. Адказ ён апублікаваў у Facebook.

«Праектнымі рашэннямі прадугледжана ўзвядзенне двухпавярховага будынка з паўторным выкарыстаннем цэглы ад разборкі збудавання для фінальнага вонкавага аздаблення фасада і аднаўлення існуючага дэкору галоўнага фасаду», — сказана ў дакуменце.

Зруйнаваную на Мопраўскай камяніцу адбудуюць са старой цэглы
Крыніца: Facebook Мечыслава Супрона

Камяніцу пачатку ХХ ст. на вуліцы Мопраўскай, 6 знеслі ў верасні. Будынак не меў статусу гістарычнай каштоўнасці і не быў не вылучаны як шэраговая гістарычная забудова ў праекце зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна», патлумачылі ў гарвыканкаме ў адказ на зварот гісторыка.

Рашэнне аб дэмантажы было прынята пасля абследавання тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый. Стан быў кепскі: падмурак развальваўся, па ўсіх сценах ішлі вялікія трэшчыны, напісаў у каментарах чытач аднаго з гродзенскіх тэлеграм-каналаў.

Зруйнаваную на Мопраўскай камяніцу адбудуюць са старой цэглы
Так выглядаў будынак на вуліцы Мопраўская, 6 да руйнавання. Крыніца: Facebook

Будынак на вуліцы Мопраўскай, 6 быў тыповай гарадской камяніцай канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Гэта была частка забудовы кварталу вуліцы Малой Траецкай. У пачатку ХХ стагоддзя тэрыторыя, дзе стаяў дом, з’яўлялася густанаселеным яўрэйскім кварталам, у якім у асноўным жылі гандляры і рамеснікі.

«Вуліца Мопраўская ў пачатку ХХ стагоддзя фактычна з’яўлялася часткай вуліцы Малой Траецкай, якая ішла ўздоўж абрыву. Пасля зносу гэтага будынка на Мопраўскай не засталося ніводнага гістарычнага будынка», — сказаў Hrodna.life гісторык Мечыслаў Супрон.

У каментарах на Facebook пісалі, што гэта быў прыватны дом, дзе жыла алімпійская чэмпіёнка Алена Валчэцкая.

Чытайце таксама: Раскопкі каля дома Мураўёва скончылі. Што там знайшлі