Папулярны раней спосаб перасекчы мяжу ў аб’езд чаргі больш не спрацуе. У пунктах пропуску, дзе забаронена пешае перасячэнне мяжы, цяпер таксама нельга яе пераехаць і на электрасамакатах, гіраскутарах і сегвеях.

Забарона звязаная са зменамі ў Правілах дарожнага руху. Новыя ПДР замацаваў Указ Прэзідэнта ад 18 красавіка 2022 г. № 145 «Аб удасканаленні арганізацыі дарожнага руху». Выяўлена, што электрасамакаты, гіраскутары і сегвеі не з’яўляюцца транспартнымі сродкамі. Цяпер яны лічацца сродкамі персанальнай мабільнасці. Абноўленыя правілы ўступілі ў сілу з 27 кастрычніка.

Уладальнікі СПМ прыраўноўваюцца да пешаходаў і не могуць выкарыстоўваць названыя сродкі для перасячэння дзяржаўнай мяжы ў краіны ЕС у беларускіх пунктах пропуску, удакладнілі у Дзяржпагранкамітэце.

Ровары змены не закранулі: яны не адносяцца да сродкаў персанальнай мабільнасці і лічацца транспартным сродкам. Такім чынам, на іх перасякаць мяжу можна, у чарзе з машынамі стаяць не трэба. Літоўскія памежнікі звяртаюць увагу на тое, каб былі святлоадбівальныя камізэлькі.

Чытайце таксама: Электросамокаты и сигвеи — с 14 лет, а велосипедистам разрешат не спешиваться. Лукашенко подписал изменения в правила дорожного движения

Аб тым, што пытанні да людзей на самакатах узніклі ў літоўскіх памежнікаў, паведамляла «АўтаГродна». Мінімум двум такім людзям 4 лістапада памежнікі прапанавалі стаць у агульную чаргу, спасылаючыся на новы закон. Беларускі бок тады прапускаў на самакатах як у ПП «Прывалка», так і ў ПП «Бераставіца».

Чэргі на мяжы

Сітуацыя з чэргамі застаецца напружанай нават для рэйсавага пасажырскага транспарту, асабліва на польскай мяжы. Напрыклад, 5 лістапада аўтобус з Гродна ў Варшаву спазніўся на 11 гадзін.

Аўтобус выехаў з Гродна ў 3:45 і паводле раскладу павінен быў прыбыць у Варшаву ў 8: 10. Але прыехаў толькі каля 19:00. Большую частку шляху склала чаканне ўезду на польскі бок мяжу.

Пасажыры, якім часта даводзіцца перасякаць мяжу, распавялі, што гэта звычайная сітуацыя. Праўда, спазненне звычайна меншае — гадзін 7. Некаторыя пасажыркі не паспелі на самалёт.

У чаканні паміж беларускім і польскім памежнымі пераходамі немагчыма схадзіць у прыбіральню: на беларускі бок вярнуцца нельга, а польскія памежнікі не пускаюць у прыбіральню нават з пашпартам.

Такая сітуацыя доўжыцца больш за месяц. Польскі бок без тлумачэння прычын знізіў хуткасць афармлення. Павольна прымаюць рэйсавыя аўтобусы, легкавыя аўтамабілі і вялікагрузы.

Эканомія і нечаканыя крадзяжы

Чэргі былі яшчэ летам, і электрасамакаты дапамагалі зэканоміць час і нават грошы. Так, у ліпені гродзенец распавёў, як з’ездзіў на самакаце у Польшчу. Беларускія памежнікі прапусцілі яго без праблем. А вось польскія запатрабавалі правы кіроўцы, таму мужчыну прыйшлося падсаджвацца ў спадарожную машыну.

У кастрычніку ў Ашмянскім раёне міліцыя апісала феномен крадзяжоў ровараў, кінутых ля мяжы, каб перасекчы на іх мяжу. Людзі, якія часта ездзяць у Літву, пакідаюць ровары паблізу ад мяжы, каб не везці іх дадому, бо ўсё роўна праз пару дзён яны спатрэбяцца для чарговай паездкі. Нярэдка транспарт крадуць. Пры чым не столькі для доўгачасовага выкарыстання, а колькі сапраўды для такога ж хуткага перасячэння мяжы. Зламыснікі адшпільваюць чужыя ровары і едуць у суседнюю краіну. Часам вяртаюць скрадзенае, а часам кідаюць там. Бывалі выпадкі, калі ўладальнікі ровараў самастойна знаходзілі свой транспарт у Літве каля бліжэйшага дрэва.

Чытайце таксама: Машины с детьми до 3-х лет поедут без очереди, а душевые в зонах ожидания поставят через год. Что изменится при пересечении границы