Рэстараны McDonald’s у Беларусі будуць працаваць пад расійскім брэндам «Вкусно — и точка». Пад новай назвай рэстараны пачнуць працаваць ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, паведамілі на сайце кампаніі.

У Беларусі замест McDonald’s будзе расійская “Вкусно - и точка”
Рэстаран хуткага харчавання «Вкусно — и точка». Крыніца: vm.ru

«Мы захаваем усе працоўныя месцы, працягнем прапаноўваць гасцінны сэрвіс, разнастайнае меню, любімы cмак страў і высокую якасць прадукцыі па даступных цэнах, да якіх прывыклі нашы госці», — напісана на сайце кампаніі.

Дакладную дату пачатка працы пад новым брэндам не паведамілі.

«Гэта толькі пачатак!»

11 лістапада 2022 года стала вядома, што «Вкусно — и точка» падпісвае фрачайзінгавую дамову з беларускай кампаніяй «КСБ Віктары Рэстараны», якая кіруе сеткай McDonald’s у Беларусі.

«Падпісанне дамовы аб франчайзінгу — вельмі важны крок для нашай кампаніі, фактычна мы выходзім на новы для нас рынак. Цяпер „Вкусно — и точка“ будзе працаваць не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі, і гэта толькі пачатак!» — сказаў уладальнік сеткі «Вкусно — и точка» Аляксандр Говар.

Што такое «Вкусно — и точка»

«Вкусно — и точка» — расійская сетка рэстаранаў хуткага харчавання. Яе адкрылі ў памяшканнях сеткі McDonald’s пасля іх закрыцця ў Расіі і продажу расійскага бізнесу прадпрымальніку Аляксандру Говару. Першыя рэстараны сеткі адкрыліся ў чэрвені 2022 года.