У Міністэрстве адукацыі плануюць увесці абавязковую характарыстыку для выпускнікоў школ. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас дыялогавай пляцоўцы «Лідар. Творчасць. Поспех».

Выпускнікам школ у Беларусі будуць выдаваць характарыстыкі: яны паўплываюць на магчымасць паступіць у ВНУ
Галоўны корпус Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ілюстрацыйнае фота.

«Кожны выпускнік школы пры паступленні ва ўніверсітэт будзе атрымоўваць характарыстыку вызначанай Міністэрствам адукацыі формы. У ёй будзе адзначана не толькі яго паспяховасць, але і будуць зроблены акцэнты на яго асабістых якасцях, будзе акрэслены ўдзел маладога чалавека ў працы грамадскіх моладзевых арганізацый», — сказаў Іванец.

Паводле міністра адукацыі, характарыстыка будзе даваць льготы пры паступленні. Такім чынам хочуць падтрымаць «моладзевых лідараў».

Размеркаванне залежыць не ад паспяховасці, а ад грамадзянскай пазіцыі

З 2022 года студэнты вышэйшых навучальных установаў, якія вядуць актыўную грамадскую дзейнасць і праяўляюць грамадзянскую пазіцыю, маюць першаснае права на размеркаванне, расказаў таксама Іванец.

Раней размеркаванне тычылася толькі студэнтаў бюджэтнай формы адукацыі. Але зараз плануюць размяркоўваць і тых студэнтаў, якія навучаліся на платнай форме адукацыі.

Чытайе таксама: У Сінгапуры таксама ёсць адпрацоўкі пасля ўніверсітэта: як хлопец з Ваўкавыска паехаў вучыцца на іншы канец свету, каб захаваць сваю ідэнтычнасць