Гандлёвы цэнтр «Алмаз» па вул. Антонава, 29, заселены арандатарамі, прадаюць у Гродне. Прадавец запытаў 3 239 450 рублёў ($ 1 340 000). Інфармацыю пра гэта апублікаваў «Магазин недвижимости».

ГЦ пабудавалі ў 2013 годзе. Агульная плошча будынка — 1566,6 кв.м. Яно месціць тры надземных паверхі і адзін — падземны. Гандлёвыя памяшканні на трэцім паверсе можна аб’яднаць. Будынак — з панарамным шкленнем і выглядам на горад. Прадаўцы адзначаюць, што на фасадзе будынка можна размясціць рэкламу. Таксама перадаецца плошча зямельнага ўчастка 0,06 га — на праве пастаяннага карыстання.

Будынак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Сярод арандатараў - мэблевыя крамы «Krones», «Edelwood» і «Good Night», цэнтр офіснай мэблі і крэслаў «Kingstyle». У падземным паверсе размяшчаецца бар «Чемпион».

У якасці плюсаў прадаўцы адзначаюць зручныя пад’язныя шляхі і вялікі аўтамабільны і пешаходны трафік.