Больш за 50 чалавек прынялі ўдзел у фестывалі зімовага купання і гартавання «ЗакалФэст». Ён адбыўся ў Гродне 27 лістапада 2022 года. Удзельнікі маглі прабегчы дыстанцыі 2,5 км, 10 км і 15 км, паведаміла БелТА.

Уздоўж зімовага Нёмана бегалі мужчыны з голым торсам: як у Гродне прайшоў фестываль гартавання
Удзельнікі фестываля «ЗакалФэст». Крыніца: belta.by

Удзельнікі фестывалю беглі ўздоўж набярэжнай: ад гарадскога пляжа да Каложскага парка. Мужчыны беглі з голым торсам альбо ў лёгкай цішотцы, жанчыны — у купальніках. Таксама на фестывалі арганізавалі «маржаванне». Некаторыя ўдзельнікі акунуліся ў Нёман мінімум тры разы, абліваліся вадой і праплылі 15−20 метраў. Пасля гэтага ўдзельнікі маглі папарыцца ў мабільнай саўне.

У Гродне такі фестываль адбыўся ўпершыню

У Гродне «ЗакалФэст» арганізавалі ўпершыню. Раней яго праводзілі ў Мінску. «Мы зразумелі, што гэта зараз актуальна, што гэта зараз у трэндзе, неабходна гартавацца», — сказаў арганізатар фестывалю Сяргей Зыкаў.

Удзельнічалі ў фестывалі не толькі гродзенцы. Напрыклад, Таццяна Гурская прыехала з Асіповічаў. «Гэта ўжо не першы раз, я ўжо гартуюся. Не так часта такія спаборніцтвы бываюць, таму трэба абавязкова паўдзельнічаць», — сказала Таццяна.

Пераможцаў на 15 км дыстанцыі ўзнагародзілі грашыма. Іншых пераможцаў - сертыфікатамі і медалямі.