У сераду, 12 жніўня, у некаторых частках зямнога шара можна будзе назіраць сонечнае зацменне. Для адных рэгіёнаў яно будзе поўным, для іншых — частковым. У Гродне Месяц закрые амаль 76% сонечнага дыска: горад стане адной з найлепшых кропак у Беларусі для назірання за гэтай з’явай. Расказваем, у колькі глядзець на неба ў Гродне, дзе лепш назіраць і як абараніць вочы.

Калі глядзець зацменне ў Гродне

У Гродне частковая фаза пачнецца прыблізна а 20:11. Максімуму зацменне дасягне каля 20:56 — у гэты момант Месяц закрые прыкладна 75,9% сонечнага дыска, ад якога застанецца яркі сярпок. Усё гэта трэба паспець убачыць да захаду сонца, які 12 жніўня будзе а 21:01.

Паводле даных найбуйнейшага сайта timeanddate.com, прысвечанага часу, гадзінным паясам і астраноміі, зацменне завершыцца ў Гродне каля 21:51.

У Гродне зацменне будзе адным з самых прыкметных

У розных частках Беларусі зацменне будзе выглядаць па-рознаму. Чым заходней знаходзіцца горад, тым большую частку сонечнага дыска закрые Месяц. Паводле разлікаў, у Гродне максімальная фаза складзе каля 75,94%.

Для параўнання, у Мінску Месяц закрые каля 51% Сонца, у Віцебску — 44%, у Магілёве — 31%, а ў Гомелі — каля 14%. Таму сярод буйных гарадоў Беларусі Гродна апынецца адным з найлепшых месцаў для назірання за гэтым зацменнем.

Папярэдняе такое прыкметнае сонечнае зацменне жыхары Гродна назіралі 20 сакавіка 2015 года. Тады Месяц закрыў да 66% сонечнага дыска. Зацменне пачалося каля 11:53 і агулам працягвалася каля дзвюх гадзін.

Што такое сонечнае зацменне
Сонечнае зацменне адбываецца, калі Месяц апынаецца паміж Зямлёй і Сонцам і закрывае сонечны дыск цалкам або часткова.
Пры поўным зацменні Месяц цалкам закрывае Сонца, а вакол яго становіцца бачнай сонечная карона — вонкавая частка атмасферы Сонца. Пры частковым зацменні закрытая толькі частка дыска, і Сонца набывае форму сярпа.

Дзе лепш назіраць

Дзяля назіранняў варта загадзя выбраць месца з адкрытым выглядам на захад. Будынкі, дрэвы і іншыя высокія аб’екты могуць закрыць нізка размешчанае Сонца.

Асабліва эфектнай можа апынуцца карціна падчас максімальнай фазы: часткова закрытае Сонца будзе знаходзіцца зусім невысока над гарызонтам і паступова рухацца да захаду.

Што з надвор’ем

Паводле бягучага прагнозу, увечары 12 жніўня ў Гродне чакаецца пераважна яснае надвор’е, тэмпература будзе трымацца прыкладна на ўзроўні +25 °C. Увечары — воблачна з праясненнямі.

Дзе зацменне будзе поўным

Поўнае зацменне можна будзе назіраць у Грэнландыі, Ісландыі, Іспаніі, на паўночным усходзе Партугаліі і поўначы Расіі. Там Месяц цалкам закрые сонечны дыск. Першымі поўнае зацменне змогуць убачыць жыхары поўначы Расіі.

Найбольш поўным яно будзе на Таймыры, прыблізна ў поўнач з 12 на 13 жніўня (але на Таймыры будзе палярны дзень). Потым зацменне будзе рухацца на ўсход, агінаючы зямны шар, і дасягне Іспаніі позна ўвечары па мясцовым часе, незадоўга да захаду сонца. Поўная фаза зацмення працягнецца менш за дзве з паловай хвіліны.

Гродна стане найлепшым месцам Беларусі для назірання за зацменнем. Калі глядзець і як абараніць вочы
Назіранне за сонечным зацменнем. Фота: SEM VAN DER WAL, EPA / TASS

Як бяспечна назіраць за сонечным зацменнем

Глядзець на Сонца без спецыяльнай абароны зусім нельга — звычайныя сонцеахоўныя акуляры тут не дапамогуць, незалежна ад ступені іх зацямнення.

Бяспечныя спосабы:

  • Спецыяльныя акуляры або фільтры: выкарыстоўвайце оптыку, якая адпавядае міжнароднаму стандарту ISO 12312-2. Перад праглядам пераканайцеся, што на фільтрах няма трэшчын і пашкоджанняў.
  • Непрамы прагляд: калі акуляраў няма, праектуйце выяву Сонца на любую паверхню праз невялікую адтуліну (напрыклад, з дапамогай двух аркушаў паперы).
  • Спецыяльная апертурная оптыка:біноклі і тэлескопы патрабуюць прафесійных сонечных фільтраў, якія надзяюцца на аб’ектыў (перад лінзай).

Нельга:

  • Глядзець на зацменне праз рэнтгенаўскія здымкі, каляровую плёнку, дыскеты або задымленае шкло.
  • Выкарыстоўваць акуляры для зацмення разам з біноклем або тэлескопам: сфакусаваны лінзай промень імгненна прапаліць фільтр і спаліць сятчатку.

Прамы погляд на адкрытыя ўчасткі Сонца можа выклікаць тэрмічны апёк сятчаткі, які прыводзіць да незваротнай страты зроку. Пры любых сумневах у надзейнасці абароны ад назірання лепш адмовіцца, раяць спецыялісты NASA.