У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў першым чытанні прынялі законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». За здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай або асобай, прыраўнаванай да вайскоўцаў, хочуць увесці смяротнае пакаранне. Таксама збіраюцца дадаць артыкулы за дыскрэдытацыю войска і «іншых сілавых структур» і «прапаганду тэрарызму». Штраф за «антыдзяржаўныя злачынствы» будзе ад 16 тыс. рублёў да 1 млн 600 тыс. Разабраліся, як памяняюць Крымінальны кодэкс і жыццё беларусаў.

Мэтай змяненняў Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў называюць прыняцце папераджальных мераў супраць «злачынстваў экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) накіраванасці», удакладнілі ў прэс-службе.

Расстрэл за дзяржздраду

Выключную меру пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання хочуць увесці за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца.

Адпаведныя змены хочуць ўвесці ў санкцыі частцы 2 артыкула 356 КК. У гэтай сувязі прыводзяцца ў адпаведнасць таксама артыкулы 58 І 59 КК.

Дыскрэдытацыя войска і сілавікоў

Таксама хочуць ўвесці адказнасць за распаўсюд заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы, іншыя войскі і воінскія фармаванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Для гэтага зменяць дыспазіцыю артыкула 369−1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Увядзенне адказнасці за дыскрэдытацыю Узброеных Сіл лічаць дзейснай прэвентыўнай мерай супраць распаўсюджвання «заведама ілжывай неадпаведнай рэчаіснасці інфармацыі аб беларускім войску і іншых „сілавых структурах“».

Прапаганда тэрарызму

З’явіцца артыкул 289−1 «Прапаганда тэрарызму». У якасці аб’екта крымінальна-прававой аховы новага артыкула будзе выступаць грамадская бяспека. Пад ёй маюць на ўвазе «стан грамадскіх адносін, які забяспечвае належны ўзровень якасці функцыянавання дзяржаўных і грамадскіх структур, абароненасці асобна ўзятага чалавека і ўсяго грамадства ў цэлым».

Уключэнне ў КК гэтай нормы тлумачаць шматнацыянальнасцю і поліканфесійнасцю беларускага грамадства, якія «могуць быць выкарыстаныя знешнімі дэструктыўнымі сіламі на шкоду нацыянальнай бяспецы».

Усталяванне крымінальнай адказнасці за прапаганду тэрарызму бачаць як спосаб прадухіліць «распаўсюд інфармацыі, якая рэабілітуе тэрарызм», і барацьбу з прызнаннем «практыкі і ідэалогіі тэрарызму як правільных, і якія заслугоўваюць падтрымкі мадэляў паводзінаў».

Чытайце таксама: 1500 дел за «экстремизм» возбудили в Гродненской области. Кого судят по этой статье?

Ахова дзяржаўных таямніц

За парушэнне абароны дзяржаўных сакрэтаў таксама хочуць увесці крымінальную адказнасць. Для гэтага з’явіцца артыкул 375−2 «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў».

Дыверсія

Зменяць артыкул 360 КК (Дыверсія). Мэтай здзяйснення злачынства замест нанясення шкоды эканамічнай бяспецы і абараназдольнасці стане прычыненне шкоды эканамічнай і (або) ваеннай бяспекі.

Артыкул 360 КК дапаўняецца заўвагай, якая дапускае вызваленне асобы ад крымінальнай адказнасці за падрыхтоўчыя дзеянні да дыверсіі ў выпадку яе прадухілення.

Штраф за антыдзяржаўныя злачынствы

Праектам Закона прапануецца ўстанавіць штраф за антыдзяржаўныя злачынствы ў межах ад 500 да 50 тыс. базавых велічынь (16−1600 тыс. руб.). Таксама хочуць увесці ў асобныя санкцыі Асаблівай часткі КК дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу для пазбаўлення матэрыяльных актываў асоб, якія ўчынілі названыя злачынствы.

Замест затрымання на 72 гадзіны — 10 сутак

Прапанаваныя змены ў частку 4 артыкула 108 КПК прадугледжваюць магчымасць затрымліваць асоб паводле артыкулаў 356−358−1 КК (Здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады, шпіянаж, агентурная дзейнасць) на тэрмін да 10 дзён, а абвінавачванне выстаўляць у тэрмін да 20 дзён з моманту затрымання.

Гэта тлумачаць тым, што часцяком па гэтых складах злачынстваў акрамя працэсуальнага замацавання доказаў на пачатковай стадыі актыўна праводзяцца аператыўна-следчыя камбінацыі, на правядзенне якіх 72 гадзін затрымання бывае недастаткова.

…і іншыя змены

Асобу, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да нападу на ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай, вызваляць ад крымінальнай адказнасці, калі яна своечасова папярэдзіць дзяржорганы або акажа іншае садзейнічанне ў прадухіленні злачынства. Адпаведная заўвага з’явіцца ў артыкуле 125 КК.

У дыспазіцыях некаторых артыкулаў КК праектам Закона ўдакладняюцца кваліфікацыйныя прыкметы злачынстваў, якія адносяцца да дзейнасці органаў дзяржаўнай бяспекі па спыненні дзейнасці тэрарыстычнай накіраванасці і злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва.

Таксама праектам Закона ўносяць змены ў частку 2 артыкула 182 КПК, якія тычацца падследнасці органаў дзяржаўнай бяспекі.

Прыняццем Закона разлічваюць больш дзейсна рэалізоўваць комплекс мераў па выяўленні і супрацьдзеянні «экстрэмісцкім і тэрарыстычным структурам», а таксама больш эфектыўна «супрацьстаяць спробам замежных спецслужбаў і арганізацый «уцягнуць беларусаў у дзейнасць па прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Чытайце таксама: