У Беларусі разглядаюць пытанне абмежавання бясплатнага лячэння для беларусаў, не занятых у эканоміцы, і тых, хто стала пражывае за мяжой. Пра гэта распавяла першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова ў эфіры СТБ.

Міністэрства аховы здароўя прапрацоўвае пытанне доступу медыцынскіх устаноў да базы дадзеных асобаў, не занятых у эканоміцы, распавяла Краткова. Гаворка ідзе пра планавыя віды дапамогі - стаматалагічныя паслугі, планавыя шпіталізацыі і аперацыі. Экстраная дапамога, напрыклад, выдаленне апендыцыту, будзе аказвацца бясплатна.

«Мы шмат гаворым пра гэта, але мы не ўяўляем, у якія грошы абыходзіцца дзяржаве ахова здароўя», — адзначыла Краткова. У 2022 годзе на гэтую сферу сышло каля 4,5% УУП, на наступны год плануецца выдаткаваць больш, падкрэсліла яна.

Раней права на ахову здароўя і бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя беларусам гарантавала Канстытуцыя (арт. 45). Пасля рэферэндуму 27 лютага 2022 года артыкул выправілі: цяпер бясплатная медыцынская дапамога магчымая «ў парадку, устаноўленым законам».

Чытайце таксама: