Гродзенец Сяргей Гаўрыцкі заваяваў Вялікую хрустальную саву. Гэта адбылося ў фінальнай гульні 14 сезона беларускага тэлевізійнага клуба «Што? Дзе? Калі?». Каманда знаўцаў Марты Арловай перамагла гледачоў з лікам 6:5. Раней Сяргей шмат гадоў працаваў у беларускай прапагандзе.

Гродзенец атрымаў Вялікую хрустальную саву ў “Што? Дзе? Калі?”. Хто гэта і што пра яго вядома?
Сяргей Гаўрыцкі. Крыніца: старонка Сяргея ў «ВКонтакте»

Сяргея Гаўрыцкага прызналі найлепшым гульцом фінала і ўсяго 2022 года. Вялікую хрустальную саву ён атрымаў адразу ў першым для сябе сезоне. «Хачу павіншаваць усіх з Новым годам і пажадаць, каб вашыя мары здзяйсняліся таксама, як здзейсніліся сёння мае!» — сказаў Гаўрыцкі ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ.

У сваім першым сезоне Гаўрыцкі сыграў тры гульні. Усяго ён адказаў на 16 пытанняў, 13 адказаў былі правільнымі. Зараз працэнт правільных адказаў Гаўрыцкага — 81,3%. Таксама ён мае два прызы як лепшы знаўца гульні.

Хто такі Сяргей Гаўрыцкі і як ён патрапіў на «Што? Дзе? Калі?»

Сяргей Гаўрыцкі - гродзенскі прапагандыст, які шмат гадоў працаваў у газеце «Гродзенская праўда», а пазней — у агенцтве БелТА.

Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і жорсткага разгону пратэстаў большая частка камандаў беларускага клуба «Што? Дзе? Калі?» адмовілася граць. Таксама многія падпісалі адкрыты ліст супраць гвалту. Алесь Мухін, вядучы беларускай тэлеверсіі «Што? Дзе? Калі?», тады паспрабаваў забараніць знатакам выказвацца на палітычныя тэмы.

Тады абмяркоўвалася магчымасць перанесці гульню на іншую пляцоўку, каб не супрацоўнічаць з дзяржаўным прапагандысцкім тэлеканалам АНТ і не даваць яму зарабляць грошы. У выніку восеньская і зімовая серыі 2020 года проста не выйшлі ў эфір.

Вясной 2021 года клуб пачаў шукаць новыя каманды, каб працягваць гульні на тэлебачанні. У выніку замянілі амаль увесь склад знатакоў і набралі цалкам новыя каманды.

Летам 2022 года ў «Што? Дзе? Калі?» пачала граць каманда Марты Арловай. У яе складзе апынуўся Сяргей Гаўрыцкі. Каманда Арловай не выйшла ў фінал летняй серыі гульняў, але выйшла ў зімовую серыію і там перамагла ў фінале.