Ляпніну з антычнымі сюжэтамі можна будзе ўбачыць у алебастравай зале Старога замка. Яе плануюць адкрыць вясной 2023 года. Пра гэта паведаміў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка.
«З адкрыццём алебастравай залы, якая была пакоем для адпачынку караля, скончыцца першая чарга рэканструкцыі. Зараз там адбываецца апошняя частка мастацкіх працаў, вырабляецца прысценны камін з пясчаніка», — сказаў Юрый Кітурка.
Убачым багоў Алімпа і Фару Вітаўта з Каложай
На сценах залі можна будзе ўбачыць двухузроўневы роспіс. На ніжнім ўзроўні будзе намаляваны Гродна ў XVI стагоддзі з Каложай, Фарай Вітаўта і ратушай. На верхнім узроўні - міфалагічная алегорыя: выявы багоў Алімпа. На столі будзе ляпніна з антычнымі сюжэтамі і хрустальныя трохярусныя жырандолі. Па кутах — карыятыды — статуі якія замяняюць слупы і падтрымліваюць столь.
Падлога і дзверы будуць дубовыя. Паводле словаў Кітуркі, гэта будзе асобны твор мастацтва.
Колькі каштавала першая чарга рэканструкцыі
Першая чарга рэканструкцыі з усімі працамі ў поўным аб’ёме каштуе 28 млн рублёў, казала кіраўнічна ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. На другую чаргу плануюць вылучыць не менш за 80 млн рублёў.