Музеі Гродзенскай вобласці ў два разы перавыканалі план па правядзенні экскурсій. На 2022 год іх было запланавана 6,2 тыс., а правялі 12,5 тыс., расказала БелТА кіраўніца ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. Рост зарплат, аднак, не плануецца такім імклівым.

старый замок Гродно после реконструкции экскурсия экспозиция
Стары замак у Гродне дзе размяшчаецца музей. Ілютрацыйнае фота: Hrodna.life

У музеях перавыканалі план у два разы

Зараз у музеях працуюць каля 5,3 тыс. чалавек. На 2022 год у вобласці запланавалі 6,2 тыс. экскурсій, але ў выніку правялі 12,5 тыс. Напрыклад, у ліпені 2022 года ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі (Стары і Новы замкі) правялі 337 экскурсій. Гэта ў два разы больш, чым у ліпені 2021 года. Клубы вобласці выканалі план па мерапрыемствах на 118%.

Заробкі ў культуры растуць, але да сярэдніх па краіне яшчэ далёка

Сярэдні заробак у Беларусі ў 2022 годзе склаў 1630 рублёў. Сярэдні заробак супрацоўнікаў сферы культуры ў той жа час — 967 рублёў. Гэта на 178 рублёў больш, чым было ў 2021 годзе, але толькі 59% ад сярэдняга заробку па краіне.

У 2022 годзе заробак у сферы культуры вырас у параўнанні з 2021 годам на 22,5%. У той жа час інфляцыя за год склала 12,8%.

У 2023 годзе сярэдні заробак супрацоўнікаў сферы культуры плануюць павялічыць да 1,1 тыс. рублёў - на 13,8%, сказаў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. У 2025 годзе заробак у сферы культуры павінен быць не менш за 80% ад сярэдняга заробка па краіне, паабяцаў міністр.

З 2021 года да акладу супрацоўнікаў культурна-асветніцкіх устаноў увялі надбаўку: у студзені 2021 года яна была 7%, у студзені 2022 года — 16%, у кастрычніку 2022 — 23%.