Пасля паўночы 14 лютага (па Мінску) прадстаўнікі «Рабочага Руху» з беларускімі актывістамі заблакавалі ўвоз на тэрыторыю ЕС прадукцыі «Гродна Азот».

«Мерапрыемства праводзіцца для прыцягнення ўвагі кантралюючых органаў да існуючых шэрых схем, якія актыўна выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі і дапамагаюць яму ўзбагачацца. У сувязі з чым узнікла справядлівы пытанне — а ці працуюць санкцыі?!» — паведамілі прадстаўнікі Руху.

«Беларускі даследчыцкі цэнтр» (БРЦ) сцвярджае, што яны натыкнуліся на цэлую сетку маршрутаў па перавозцы падсанкцыйных угнаенняў з Беларусі ў ЕС.

На месца затрымання прыехала літоўская паліцыя. Паліцыянты плануюць выклікаць мытную службу, паведамляе «Беларускі даследчыцкі цэнтр».

Што здарылася за ноч у пункце пропуску?

Актывісты «Рабочага Руху» затрымалі трэцюю фуру — яе адпусцілі пасля праверкі.

Кіроўцы двух папярэдніх фур прызналіся журналістам БРЦ, што ўгнаенні ў іх машыны пагрузілі на прадпрыемстве «Гродна Азот», якое знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі, а ўвоз яго прадукцыі на тэрыторыю ЕС забаронены. Прадстаўнікі мытні затрымалі дзве спыненыя актывістамі фуры. Яны едуць назад на пункт кантролю для новай праверкі. Пасля гэтага актывісты згарнулі акцыю. БРЦ вёў онлайн з пункта пропуску.

Санкцыі супраць «Гродна Азот»

«Гродна Азот» трапіў пад санкцыі Украіны. Перад вайной ён быў для яе найбуйнешым пастаўніком угнаенняў. ЗША узнавілі санкцыі супраць прадпрыемства ў красавіку 2021 года. Асобна ў жніўні 2021 года трапіў пад амерыканскія санкцыі дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка. У снежні 2021 года прадпрыемства трапіла пад пяты пакет санкцый Еўрасаюза.

UPD 15 лютага. Мытня Літвы правядзе службовую праверку па факце пропуску фур з прадукцыяй «Гродна Азота», піша Беларускі даследчы цэнтр. «Цяпер абставіны здарэння ўдакладняюцца, а на літоўскай мытні пачатае дасудовае расследаванне магчымага парушэння міжнародных санкцый», — паведаміла прадстаўніца мытні Літвы Ліна Лаўрынайцітэ-Грыгене. Пакуль ідзе расследаванне, больш інфармацыі журналістам не дадуць.

Актывісты сцвярджаюць, што аб вывазе з Беларусі праз літоўскую мяжу на тэрыторыю Еўрапейскага саюза прадукцыі «Гродна Азоту» паведамілі работнікі прадпрыемства. Кіроўцы не ведалі, што «Гродна Азот» знаходзіцца пад санкцыямі. Прадукцыя «Гродна Азоту» павінна была быць дастаўлена ў Сербію, паведамляе «Наша Ніва».

Чаму санкцыі абыходзяць?

«Санкцыі ўведзеныя не супраць прадукцыі «Гродна Азот», а супраць самога прадпрыемства […], супраць юрыдычнай асобы. […] Яны проста адкрываюць новыя юрыдычныя асобы, а літоўскі мытнік, […] не абавязаны ведаць раскладку вытворчасці азотных угнаенняў у Беларусі, ён бачыць нейкі дакумент на юрыдычную асобу, якая не ўваходзіць у санкцыйны спіс і прапускае яго, — распавёў кіраўнік «Беларускага даследчага цэнтра» Станіслаў Івашкевіч у жывым эфіры Delfi Літва.

Былі яшчэ і падробленыя дакументы, таму што там пазначалася, што юрыдычная асоба, якая была створаная прыкладна ў той час, калі былі ўведзеныя санкцыі, што нібыта яна робіць вытворчасць. А ў іх [кіроўцаў] былі дакументы, акт загрузкі, што на самой справе гэта ўсё загружаюцца на «Гродна Азоце». [ … ] Таму, каб закрыць гэтую «дзірку», неабходна ўвесці санкцыі супраць прадукцыі гэтага завода".