Заснавальніка незалежнага беларускага выдавецтва Змітра Коласа затрымалі. Імаверна, прычынай стала кніга гродзенскага прафесара, доктара гістарычных навук Алеся Смалянчука. Выдавецтва паведаміла аб часовым перапыненні дзейнасці.

Абноўлена 10 сакавіка.
З 5 сакавіка звестак пра лёс Змітра Коласа не было. Ён не выйшаў на волю, піша «Наша Ніва». Перад затрыманнем у яго дома адбыўся ператрус. Невядома, што інкрымінуецца выдаўцу, ці выстаўлена абвінавачванне, ці бачыўся ён з адвакатам. Магчыма, яго забралі, бо друкар з ягонага выдавецтва Алег Сычоў быў затрыманы па справе аб дыверсіі супраць расійскага самалёта-наводчыка ў Мачулішчах. Грамадзянін Украіны Мікалай Швец, якога абвінавацілі ў датычнасці да дыверсіі, быццам быў затрыманы ў доме Алега Сычова ў вёсцы Чарцяж Бараўлянскага сельсавета.

Абноўлена 14 сакавіка.
Зміцер Колас выйшаў на волю пасля 10 сутак, праведзеных у «амерыканцы» (турма КДБ), паведамляе Reform.by. Прычыны затрымання пакуль не разгалошваюцца, абвінавачванне не прад’яўлена.

Аб перапыпынку ў дзейнасці на нявызначаны час — «да асобнага паведамлення» — выдавецтва «Зміцер Колас» паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook 5 сакавіка.

Ёсць звесткі, што Зміцер Колас і яго друкар знаходзяцца ў КДБ, піша Reform.by са спасылкай на крыніцу з літаратурных колаў. Імаверная прычына затрымання — выпушчаная ў 2021 годзе выдавецтвам кніга Алеся Смаленчука «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 у дакументах беларускіх архіваў".

Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 12 студзеня 2023 кнігу ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Мяркуюць, што выданне не паспелі прыбраць з продажу.

Выдавец Зміцер Колас
Выдавец Зміцер Колас. Фота: Facebook, Tania Lawryk

Кніга Смаленчука — паводле дзяржаўных архіваў

«Вызваленыя і заняволеныя» — зборнік архіўных дакументаў, якія распавядаюць пра падзеі верасня 1939 года, пра палітыку «першых Саветаў» у Заходняй Беларусі і пра стаўленне людзей да гэтай палітыкі. Кніга выйшла пры дапамозе Цэнтра польска-расійскага дыялогу і ўзаемапавагі. Матэрыялы аўтар збіраў у архівах Мінска і Гродна. Больш за ўсё інфармацыі знайшлося ў Нацыянальным архіве Беларусі.

Незалежнага выдаўца затрымалі. Ён выпусціў кнігу гродзенскага прафесара Смаленчука, якую прызналі экстрэмісцкай
«„Вызваленыя“ і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». Фота: Facebook укладальніка

Чым займаўся затрыманы выдавец

Зміцер Колас — беларускі перакладчык, літаратуразнавец, выдавец. Выдавецтва «Зміцер Колас» існуе з 1998 года. Яно вядомае перакладамі на беларускую мову сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячымі кнігамі.

Серыя выдавецтва «Паэты планеты» аб’ядноўвае 100 кніг выбітных аўтараў свету, сярод якіх У. Шэкспір, Г. Апалінэр, А. Міцкевіч, У. Блэйк, Г. Гайнэ, Ф. Петрарка, Р. М. Рыльке, Ф. Г. Лорка, Э. По ды іншыя.

Закрыццё незалежных беларускамоўных выдавецтваў

Пасля выбараў прэзідэнта і пратэстаў 2020 года ад рэпрэсій церпіць і прыватнае беларускае кнігавыданне.

Выдаўца Андрэя Янушкевіча спачатку пазбавілі памяшкання, а ў траўні 2022 года пасля ператрусу ў толькі што адкрытай кнігарні «Кнігаўка» затрымалі яго і супрацоўніцу выдавецтва Насту Карнацкую. Тры кнігі выдавецтва прызналі «экстрэмісцкімі», іншыя выданні прыбралі з кнігарняў. У студзені 2023 выдавецтва пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі ў судовым парадку. Выдавецтва «Янушкевіч» працавала з 2014 года, спецыялізавалася на гістарычнай літаратуры і перакладах сусветна вядомых аўтараў на беларускую мову, выпусціла шэраг перакладаў нобелеўскіх лаўрэатаў. Андрэй Янушкевіч пакінуў Беларусь і заснаваў за мяжой выдавецкі брэнд «Кнігаўка».

У 2022 годзе Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы дзейнасць выдавецтваў «Галіяфы», «Лімарыус», «Медысонт» і «Кнігазбор». Пазней «Галіяфы» і «Кнігазбор» цалкам спынілі выдавецкую дзейнасць.

Выдавецтва «Кнігазбор» было зарэгістраванае ў 2006 годзе, паспела выдаць блізу 3 тысяч найменняў кніг. Выпускала мастацкую, навукова-папулярную, вытворча-практычную, даведачную літаратуру, большасць выданняў - на беларускай мове. Дырэктарам быў Генадзь Вінярскі, галоўным рэдактарам — пісьменнік Кастусь Цвірка. Вінярскага выклікалі на допыты ў ДФР, блакавалі рахункі выдавецтва. У 2022 дзеянне выдавецкай ліцэнзіі прыпынялі двойчы.

Выдавецтва «Галіяфы» заснавалі ў 2007 годзе пісьменнікі Міхась Башура і Зміцер Вішнёў. Сецыялізавалася на мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў і дзіцячых кнігах на беларускай мове. Пасля спынення ліцэнзіі дзейнасць не аднавілася — выдавецтва не прайшло пераатэстацыю.