Гродзенскі фатограф і драматург Руслан Хілімончык піша п’есы, прысвечаныя асобам з гісторыі Гродна. У яго бібліяграфіі ёсць творы прысвечаныя атлету Якубу Чахоўскаму, фатографу Пятру Шумаву, а таксама каралеве Боне Сфорца.

У 2021 годзе Руслан Хілімончык стварыў каляндар для Гродзенскага драматычнага тэатра. У яго канцэпцыю аўтар заклаў «гістарычных асобаў Гродна». Падчас працы над каляндаром Руслан выявіў, што ёсць шмат людзей не зусім вядомых яму, але якія ў свой час пакінулі прыкметны след у гісторыі. «Пазней з’явілася жаданне іх ажывіць. Было б выдатна, калі б на сцэне тэатра мы б узгадвалі іх», — сказаў Руслан Хілімончык «Вячэрняму Гродна».

Руслан Хілімончык — гродзенскі фатограф. Працаваў фатографам ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Супрацоўнічаў з «Вячэрнім Гродна» і іншымі гродзенскімі выданнямі. Таксама з’яўляецца фітнэс-трэнерам. У студзені 2022 года яго п’есу «Счастливые дни» паставілі на сцэне смаленскага Дома акцёра.

Чым адметныя асобы, пра якіх напісаў Хілімончык?

Першыя п’есы былі пра сілача Якуба Чахоўскага, які нарадзіўся ў Гродне ў 1897 годзе. Пазней, ён стаў гусарам, займаўся барацьбой, а таксама выступаў у цырку. Паводле Хілімончыка, трэніровачныя прынцыпы атлета актуальныя дасюль.

фатограф руслан хілімончык
Руслан Хілімончык у вобразе атлета Якуба Чахоўскага. Крыніца: старонка Руслана Хілімончыка ў Instagram

Другую працу драматург прысвяціў ураджэнцу Гродна — фатографу Пятру Шумаву. Ён нарадзіўся ў 1872 годзе. Адзін з вядомых і найбольш важных дзеячоў сацыялістычнага руху ў Гродне ў пачатку ХХ стагоддзя. Але больш Шумаў вядомы тым, што фатаграфаваў навукоўца Альберта Эйнштэйна, мастака Марка Шагала, паэтку Марыну Цвятаеву, кампазітара Сяргея Пракоф’ева, паэта Уладзіміра Маякоўскага.

Чытайце таксама: Хто такі Пётр Шумаў? Некалькі цікавых фактаў пра парыжскага фатографа родам з Гродна

«Потым я ўжо шукаў у біяграфіях нейкія не зусім відавочныя факты, якія маглі б зацікавіць простага чалавека. Так атрымалася з Бонай Сфорца. Было цікава пагрузіцца ў той час і разумець, што вось наш самы стары гадзіннік у Еўропе на Фарным касцёле — яе заслуга», — сказаў Хілімончык.

Чытайце таксама: Ад відэльца да гарадскога гадзінніка. Што прывезла ў Гродна Бона Сфорца

На яго думку, пра Бону Сфорца можна напісаць не адну кнігу. Таму п’еса — толькі эпізод з жыцця, праз які гэтую гістарычную асобу яшчэ не разглядалі.

Хто наступны герой драматурга?

Наступная гераіня п’есы Хілімончыка — пісменніца Эліза Ажэшка. Зараз драматург знаёміцца з творчасцю Ажэшкі, бо хоча пагрузіцца ў свет чалавека праз яго творчасць.

Чытайце таксама: «Гаворка не пра сэксуальны падтэкст». Актрысы Гродзенскага драмтэатра распрануліся для календара