Прыватным аптэкам пятай катэгорыі з 1 чэрвеня 2023 года забароняць прадаваць лекі, для якіх патрэбен рэцэпт лекара. Для дзяржаўных аптэк зрабілі выключэнне. Адпаведную пастанову прыняла Міністэрства аховы здароўя ў студзені 2023 года.

маска аптека аптэка
Аптэка ў Гродне. Фота: Hrodna.life

Усе аптэкі ў Беларусі падзелены на катэгорыі. Першая катэгорыя — вытворчыя аптэкі. Плошча такіх аптэк не менш за 100 кв.м, а акрамя гандлёвай залі ў ёй павінны быць памяшканні для супрацоўнікаў, вытворчасці і захоўвання лекаў.

Другая — аптэкі плошчай ад 60 кв.м. з гандлёвай залай, памяшканнямі для персанала і захоўвання лекаў. Трэцяя — аптэкі, якія адкрываюць у вёсках. Чацвёртая — аптэкі, якія адкрываюць ва ўстановах аховы здароўя.

Аптэкі пятай катэгорыі павінны быць плошчай не менш за 25 кв.м. Такія аптэкі звычайна адкрываюць у жылых дамах, гандлёвых цэнтрах, вакзалах.

Агулам у Беларусі каля 3600 аптэк. Прыкладна палова з іх належыць дзяржаўнай сетцы «Белфармацыя» і рэгіянальным сеткам «Фармацыя». Другая палова — прыватныя камерцыйныя аптэкі. Напрыклад, у Скідзелі сем аптэк. Пяць з іх належыць гродзенскай «Фармацыі», астатнія дзве прыватныя.

Якія праблемы можа выклікаць новы закон

Забарона прадаваць рэцэптурныя лекі можа пагражаць аптэкам змяншэннем колькасці кліентаў і змяншэннем прыбыту. Купляць лекі па рэцэпце можна будзе ў дзяржаўных аптэках, але час працы такіх аптэк стандартны. Не змогуць прадаваць рэцэптурныя прэпараты невялікія аптэкі, размешчаныя ў дамах, зручныя для мясцовых жыхароў. Пакупнікам у пошуку патрэбнага леку давядзецца ісці далей.

Новых аптэк стане менш: дзяржава ўскладніць працу прыватнікам

Пастанова Міністэрства аховы здароўя ўводзіць абмежаванне па колькасці і размяшчэнні аптэк у гарадах. Напрыклад, адкрыць аптэку пятай катэгорыі можна будзе толькі пры ўмове, што ў горадзе ці мястэчку ёсць ужо аптэка першай ці другой катэгорыі. Раней адкрыць аптэку пятай катэгорыі можна было пры ўмове, што юрасоба, яка плануе адкрыць аптэку, мае адну буйную аптэку першай ці другой катэгорыі.

Таксама трэба будзе захоўваць дыстанцыю паміж аптэкамі. Аптэкі нельга адкрываць у радыусе 500 метраў ад ужо існуючай аптэкі. Выключэнне — буйныя гандлёвыя цэнтры ад 5 тыс. кв.м да 10 тыс. кв.м. Там можна адкрыць дзве аптэкі. У гандлёвых цэнтрах плошчай больш за 10 тыс. кв.м. — тры. Напрыклад, OldCity на вуліцы Дубко — 18,5 тыс. кв.м.

У гандлёвых цэнтра да 5 тыс. кв.м. можна адкрыць толькі адну аптэку.