У цэнтры Гродна на вуліцы Малой Траецкай прадаюць самую дарагую кватэру на другасным рынку горада. Яе цана — $ 330 тыс. Аб’ява размешчана на сайце realt.by.

Вось як выглядае самая дарагая кватэра на другасным рынку ў Гродне. Набыць можна за $ 330 000
Будынак у якім размяшчаецца кватэра. Крыніца: realt.by

У будынку, дзе размяшчаецца кватэра, больш ніхто не жыве. На першым паверсе — офісныя памяшканні. Плошча кватэры — 220 кв.м., з іх 136 — жылая плошча. У кватэры восем пакояў і тры гардэробныя.

На першым паверсе тры жылыя пакоі, раздзельны санвузел, кухня на 14 кв.м. і сталовая. На другім паверсе яшчэ чатыры жылыя пакоі і сумешчаны санвузел. Таксама на другім паверсе ёсць выхад на тэрасу.

Падлога ў калідорах, на кухні і ў санвузлах пакрыта пліткай. У пакоях паркет. Сцены пакрытыя дэкаратыўнай тынкоўкай і шпалерамі. Міжапакаёвыя дзверы выкананы з масіва дрэва. Усе камунікацыі ў доме — цэнтральныя, ёсць сігналізацыя.

Даражэй за гэтую кватэру ў каталогу realt.by толькі пентхаўс у «кансэнтаўскім» доме на Парахавой. Ён каштуе $ 450 000, але, хоць і пабудаваны ў 2008 годзе, дагэтуль незаселены, таму яго цяжка разглядаць як другаснае жыллё.

Чытайце таксама: Нерухомасць тыдня: у Каробчыцах прадаецца дом-замак