У Гродзенскай вобласці 66 населеных пунктаў знаходзяцца ў зоне радыёактыўнага забруджвання. Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя падзяліўся статыстыкай да 37 гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Іўеўскі раён - самы забруджаны ў вобласці. Дзе яшчэ на Гродзеншчыне павышаны ўзровень радыяцыі
Радыяцыя. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: atomic-energy.ru

Самыя забруджаныя радыяцыяй раёны Гродзенскай вобласці

Больш за ўсё населеных пунктаў у зоне радыёактыўнага забруджвання ў раёнах:

  • Іўеўскім — 43,
  • Дзятлаўскім — 14,
  • Навагрудскім — 9.

У Навагрудскім і Іўеўскім раёнах у 2018−2023 гг. узровень радыёнуклідаў цэзія-137 быў перавышаны ў 32 пробах грыбоў і 9 пробах лясных ягад, якія збіралі жыхары.

Асобныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Гродзенскай вобласці і Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя сістэматычна бясплатна праводзяць кантроль утрымання асноўных радыёнуклідаў (цэзія-137 і стронцыя-90) у харчовых прадуктах. Яны правяраюць малако, бульбу, ваду, гародніну, садавіну, ягады і іншыя прадукты прыватных гаспадарак.

радыяцыя ў гродзенскай вобласці
Радыяцыйная сітуацыя ў Гродзенскай вобласці. Крыніца: ocge-grodno.by

За 2022 год спецыялісты даследвалі больш за 2,5 тыс. пробаў прадукцыі. У 2021 годзе больш за 3 тыс.

Плошча радыяцыйнага забруджвання ў Беларусі: як паменшылася за 34 гады

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у красавіку 1986 года тэрыторыя Беларусі забрудзілася нераўнамерна і мазаічна. Прычынай сталі метэаралагічныя ўмовы ў перыяд пасля аварыі.

За перыяд з 1986 па 2020 год плошча забруджвання цэзіем-137 з узроўнямі больш за 37 кілаБекерэль на метр квадратны (1 Кюры на кіламетр квадратны) паменшылася ў 1,8 разоў. Станам на 2020 год яна склала 11,7% ад агульнай плошчы Беларусі.