5 траўня ў судзе Мазырскага раёна пачаўся суд над Глебам Койпішам пра замену абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасяджэнне з’явілася ў анлайн-раскладзе. У снежні 2021 года Глеба асудзілі на два гады «хіміі» за марш пратэсту.
Справу будзе разглядаць Анатоль Стрэльчанка.
Койпіш быў дырэктарам вэб-студыі «Іквадарт». Палітвязня асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ). Справу распачалі паводле ч.1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» за ўдзел у акцыі пратэсту 11 жніўня 2020 года.
Айцішнік павінен быў выйсці на волю ў жніўні 2023 года. Вядомыя выпадкі, калі асуджаныя на хімію з’язджалі з краіны. Койпіш жа свядома вырашыў адбыць тэрмін. Ён трапіў у ПУАТ у Мазыры. Мінімум двойчы за час адбыцця пакарання ён адбываў адміністрацыйны арышт.
UPD 11 траўня. Знікла сувязь з палітвязнем Глебам Койпішам. Верагодна, гэта значыць, што суд вырашыў узмацніць яму пакаранне і ён рыхтуецца да пераводу ў калонію, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
UPD 22 траўня. Палітвязня Глеба Койпіша перавялі ў СІЗА. Глебу ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў следчы ізалятар. 13 чэрвеня ў палітвязня адбудзецца апеляцыйны суд, паведамляе «Вясна».
Чытайце таксама: