З самае раніцы 1 чэрвеня ў жыхароў Навагрудка на цэлы дзень знікла вада — і гарачая, і халодная. Прычынай стала аварыя на цэнтральным вадаправодзе, які сілкуе ўвесь горад.

Прарыў здарыўся на скрыжаванні вуліц Скарыны і Юбілейнай. Быў пашкоджаны сталёвы ўчастак у вадаводзе дыяметрам 400 мм. Спатрэбіўся поўны дэмантаж часткі трубы ў 1,5 м і яе замена на поліэтыленавую, расказаў старшыня Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Грыц для «Новага жыцця». Вадавод знаходзіўся на глыбіні 4 м, гэта ўскладняла працы.

У Навагрудку мяняюць трубу
У Навагрудку прарвала цэнтральны вадаправод. Фота: «Новае жыццё»

Вада знікла ўсюды-у прыватным сектары і шматпавярхоўках, у школах і дзіцячых садках, у бальніцах і на прадпрыемствах.

Ваду для жыхароў падвозілі малакавозамі і цыстэрнай ЖКГ. На працягу дня да іх выстройваліся чэргі. У бальніцы і дзіцячыя ўстановы ваду прывозілі асобна. Для гатавання і пітва санітарна-эпідэміялагічная служба рэкамендавала выкарыстоўваць упакаваную ваду, якая прадаецца ў крамах. Да вечара яе амаль раскупілі.

Навагрудская ЖКГ і кіраўніцтва горада прынесла ім прабачэнні за часовыя нязручнасці і папрасілі паставіцца да сітуацыі з разуменнем.

Праблемы пачаліся яшчэ напярэдадні

Праблемы з напорам вады жыхары заўважылі яшчэ напярэдадні вечарам і ноччу, піша Sputnik. А сёмай раніцы 1 чэрвеня яе ўжо не было — людзі не змаглі ні памыцца, ні выпіць гарбаты.

Дастаць ваду ў гэты дзень было няпроста. Не ўсе ведалі пункты падвозу цыстэрнамі, яе не хапала. Многія прыходзілі з вялікімі каністрамі па 50 літраў.

Жители Новогрудка набирают воду из цистерны
Жыхары ў чарзе па ваду. Фота: УКантакце, «Твой Навагрудак»

Вада пачала паступаць людзям толькі пасля 19:00. Жыхары паўднёва-заходняй часткі горада паведамлялі, што ў іх вады не было і позна ўвечары ў чацвер. Пра тое, што ўжываць яе з вадаправода ўжо можна, санстанцыя павінна была паведаміць асобна пасля вынікаў пробаў.

Гэта не першы калапс з вадой у невялікіх гарадах Беларусі за апошні час. У студзені 2023 з-за паломкі засланкі запорной арматуры без вады і каналізацыі амаль на два дні засталіся Пружаны. У сакавіку 2023 з-за прарыву вадаправода без вады засталіся больш за 400 будынкаў у Лагойску, таксама ў сакавіку — частка Барысава. У чэрвені 2022 амаль на суткі адключылі ваду ў Жодзіна для прамывання і дэзінфекцыі вадаправода.

Чытайце таксама: У Гродне знікла электрычнасць: не працавалі святлафоры, сталі тралейбусы. Што адбылося?